Усё тыя ж Тальмінавічы
Праз кіламетры два па шашы, што з двух бакоў “ахоўваецца” магутнымі таполямі, як на далоні адкрываецца аграгарадок Тальмінавічы. Яго цэнтральная вуліца на сваім пачатку нечым нагадвае гарадскую. Тут сканцэнтраваны асноўныя аб’екты сацкультбыту, шматпавярховікі. Сустракаючы вясну, пабудовы набылі новае радаснае аблічча: выдзяляюцца дагледжанасцю і ўладкаванасцю школа, дзіцячы садок, Дом культуры, адміністрацыйнае памяшканне мясцовага СВК “Тальмінавічы”. У цэнтральнай частцы аграгарадка кіпіць жыццё. На вясновае сонейка ў час перапынкаў выбягаюць школьнікі: 63 хлопчыкі і дзяўчынкі тут вучацца разумнаму, добраму, вечнаму, а побач з размаляванага садка-церама высыпае малеча – 22 дзіцяці. Калі ж у СДК ладзіцца чарговае мерапрыемства, то ідуць сюды людзі з усіх вуліц аграгарадка.
Што датычыць інфраструктуры гэтага населенага пункта, то тут ёсць усё неабходнае, каб жыць і працаваць. Задаволены тутэйшыя жыхары работай мясцовага ФАПа, якім загадвае Галіна Коршун, удзячны работнікам магазіна Надзеі Валасар і Алене Ільіной, якія клапоцяцца пра асартымент тавараў, прымаюць папярэднія заяўкі на пакупкі. Ёсць аддзяленні сувязі, Беларусбанка. У мясцовага СВК маецца свой жыллёвы фонд, і некаторыя маладыя сем’і выбіраюць месцам жыхарства Тальмінавічы.
А работы ў гаспадарцы – непачаты край, толькі каб было жаданне прыкласці рукі. Мехмайстэрні тут здаўна дастаткова добраўпарадкаваныя, ёсць і добрыя механізатары – Віктар Багдановіч, Аляксей Зянько, вадзіцелі Міхаіл Леснік, Сяргей Грачыха і іншыя. Галоўны інжынер гаспадаркі Леанід Юруць перакананы, што добрыя кадры заўсёды патрэбныя, асабліва механізатары, шафёры ў гарачую пасяўную кампанію.
Якія б цяжкасці не адчуваліся, а хлеб сеяць – асноўны закон быцця селяніна. У гэтай важнейшай справе хлебаробаў падтрымлівае і дзяржава. Летась, напрыклад, сельгаспрадпрыемству былі выдадзены льготныя крэдыты на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў і мінеральных угнаенняў – усяго 1 мільярд 52 мільёны рублёў. Дапамагла сельгаскааператыву і раённая ўлада: 213,5 мільёна рублёў на ГЗМ і яшчэ 325,4 мільёна рублёў склала бюджэтная пазыка. Сёлета таксама на паліва для правядзення пасяўной кампаніі з бюджэту раёна выдаткавана 122,4 мільёна рублёў. І ўсё ж гаспадарцы цяжка выйсці з заняпаду – не хапае сваіх сіл. Таму звярнуліся да суседзяў: з ДП “Нача” трактар з плугамі рыхтуе глебу, з СВК “Ляхавіцкі” – вывозіць на палі і ўносіць арганіку, СВК “Шлях новы” прыслаў на падмогу пасяўны агрэгат… Гэта цудоўна, што ў нашым народзе захоўваецца спрадвечная традыцыя дапамагаць адзін другому.
Сёлета ў СВК “Тальмінавічы” плануюць сабраць з кожнага гектара ў сярэднім па 36,7 цэнтнера зерня. Вельмі спадзяюцца, што планы спраўдзяцца: удосталь уносяць арганікі, па-магчымасці – мінеральныя ўдабрэнні і дзякуюць ранняй вясне, якая дазволіла павялічыць тэрміны правядзення сяўбы.
Некалі гэтае сельгаспрадпрыемства славілася сваімі працоўнымі дасягненнямі. Потым справы пагоршыліся. Але людзі тут тыя ж – працавітыя, старанныя. На іх трымаецца вытворчасць. Яны стараюцца і спадзяюцца на лепшае. Асноўная стаўка робіцца на развіццё жывёлагадоўлі і павелічэнне статка. Па сутнасці, з заняпаду аднаўляюцца памяшканні былых фермаў, за небагатыя сродкі гаспадаркі будуюцца і рэканструююцца, а яшчэ падбіраюцца на работу вяскоўцы, якія хочуць і ўмеюць працаваць.
Сёння ўзначальвае СВК новы старшыня Мікалай Варажун. Вопытны спецыяліст, для якога кіраваць калектывам не ўпершыню, імкнецца стабілізаваць сітуацыю.
На малочна-таварных фермах гаспадаркі ўтрымліваецца 730 кароў, палова статка ў Тальмінавічах, дзе шчыруюць даяркі Ніна Кумакова і Таццяна Канцылярчык. Стараюцца жанчыны, адказна ставяцца да работы, не дазволяць парушыць графік дойкі і кармлення жывёлы ні сабе, ні іншым. Дбайныя гаспадыні працуюць і на Гайнінецкай МТФ – Святлана Асос і Ірына Дзянішчык, якія, акрамя малочнага статка, даглядаюць яшчэ і нованароджаных цялят. Імкнуцца дабіцца парадку і накарміць жывёлу даглядчыкі Леанід Варанец і Алег Пачтальяновіч.
Не сакрэт, сёлетняя зімоўка грамадскага статка ў гэтай гаспадарцы праходзіла складана: не хапала кармоў, таму і вынікі адпаведныя. Хутка на пашу: угоддзяў дастаткова, але трэба працаваць над яе якасным саставам. Перазалужэнне траў зроблена ў Тальмінавічах, часткова ў Гайнінцы, праведзена падкормка і пашы для прыватнага статка. Штодзень з СВК “Тальмінавічы” паступае на малочны завод 4-5 тон малака, а гэта зноў жа штодзённыя 15-16 мільёнаў рублёў “жывых” грошай, такіх неабходных гаспадарцы. Дарэчы, сумы гэтыя могуць і павінны быць большыя: трэба павялічваць аб’ёмы вытворчасці малака, таварнасць і забяспечыць высокую якасць прадукцыі. Як зазначае Мікалай Варажун, ёсць у сельгаскааператыве вельмі важны і магутны рэзерв, які павінен дапамагчы выправіць сітуацыю: у адных толькі Тальмінавічах пражывае 436 чалавек, на ўсёй тэрыторыі Куршынавіцкага сельсавета – 1360. А ў сельгаскааператыве ўсяго 148 работнікаў. Многія вяскоўцы працаздольнага ўзросту падаліся на работу ў суседнія гаспадаркі, шмат мясцовых жыхароў працуюць у райцэнтры. Варта зацікавіць іх і “вярнуць” дамоў – работа знойдзецца кожнаму, а будуць вынікі, будзе і зарплата.
Зразумела, лягчэй сказаць, чым зрабіць, і ўсё ж тут вераць і спадзяюцца: справы пойдуць на лад. Тутэйшыя людзі добрыя гаспадары, майстры, умельцы. Напрыклад, усе ў вёсцы ведаюць будаўніка Генадзія Міклашэвіча і паважаюць за яго залатыя рукі. Сёння ўжо рэдка знойдзеш майстра, які б валодаў бандарнай справай. А ён як зробіць бочачку для засолкі агуркоў ці кубелец для сала – дзівішся.
Вядома, што з кожным годам усё менш становіцца кароў на прыватных падвор’ях грамадзян. А вось сям’я Леаніда і Людмілы Юруцёў, якія трымаюць 2 каровы, птушку, плануюць паставіць на адкорм і парсючкоў, лічаць, што вялікая гаспадарка – для стала падтрымка, і лішкі прадукцыі, здадзенай дзяржаве, акупяць затраты, прынясуць прыбытак.
Не хлебам адзіным жыве вёска. Тут свята берагуць памяць продкаў, якія адстаялі мір і спакой сённяшніх дзён. Важна тое, што подзвігам сваіх дзядоў і прадзедаў сур’ёзна цікавяцца ўнукі і праўнукі. Галіна Асос паказала нам узнагароды свайго бацькі, які ваяваў на фронце. Чырвонаармеец Канстанцін Кульчык быў падносчыкам патронаў 358 стралковага палка, узнагароджаны двума медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, мае іншыя баявыя адзнакі. Вярнуўся з вайны жывым і здаровым, дажыў да 80 гадоў. Але так і не даведаўся, што ён “за знішчэнне трох агнявых кропак праціўніка і дваццаці фашыстаў падчас баявой аперацыі” ўдастоены ордэна Чырвонай Зоркі. Гэтую ўзнагароду прадзядулі адшукалі праўнукі, а атрымалі яе ва ўрачыстай абстаноўцы ў пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Мінску дзеці – Галіна Асос і Мікалай Кульчык…
У кожным куточку нашай прыгожай зямлі ёсць запаветныя мясціны, і ўсюды знойдуцца людзі, якія праславіліся працай, баявымі подзвігамі або проста дабрынёй, шчырасцю, спагадай. Тальмінавічы – не выключэнне.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Конечно, у нас всё будет хорошо. С такими мастеровыми людьми не может быть подругому. Задача руководства СПК- привлечь достойные кадры и развивать инфраструктуру. А ещё, может быть, ограничить продажу спиртного. Не может такой край плестись в хвосте ждать помощи от других