Лес паклікаў сяброў
“Что мы сажаем, сажая леса? Стол, за которым ты будешь писать. Ручку, линейку, пенал и тетрадь…”. Радкі з верша Самуіла Маршака трапна тлумачылі многім пакаленням дзяцей, наколькі важная справа — пасадка дрэў.
Сёлетні тыдзень лесу прысвячаўся 70-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Агульная плошча пасаджаных лясных культур у раёне перавысіла 17 гектараў. Добраахвотная акцыя аб’яднала каля 200 нераўнадушных сяброў лесу. Адметна, што амаль палова з іх – моладзь, члены БРСМ. Яны ўбачаць, якімі стануць пасаджаныя елкі, сосны, дубы, клёны, бярозы праз дзесяцігоддзі. І, упэўнена, гэтым юнакам і дзяўчатам сумленне ніколі не дазволіць нашкодзіць прыродзе.
Супрацоўнікі лясніцтваў не толькі навучылі школьнікаў правільнай пасадцы маладых дрэўцаў, але і правялі своеасаблівую прафарыентацыю, расказаўшы пра асаблівасці работы ў лясной гаспадарцы. Усяго ж падчас акцыі было высаджана больш за 65000 дрэўцаў. Па словах намесніка дырэктара ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” Наталлі Адаменка, актыўную падтрымку лесаводам аказалі вучні Крывошынскай і Тальмінавіцкай сярэдніх школ.
Акрамя пасадкі лесу, удзельнікі акцыі добраўпарадкавалі 3 месцы адпачынку, сабралі 14 кубаметраў смецця. І ўсё гэта ў лясным масіве.
Лесаводы раёна ўдзячны ўсім добраахвотным памочнікам, хто працаваў разам з імі над прымнажэннем і захаваннем лясных багаццяў. І мараць пра тое, што наступны тыдзень лесу стане больш масавай акцыяй. А, значыць, менш будзе людзей, якія засмечваюць прыроду.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Ляхавіцкага лясгаса.