“На лаўцы пасядзелі, на пляжы паляжалі… А далей?”
У газеце “Ляхавіцкі веснік” (№ 38 ад 22 мая 2010 г.) пад рубрыкай “Пра нас і пра вольны час” змешчаны матэрыял “ На лаўцы пасядзелі, на пляжы паляжалі… А далей?”, у якім ішла размова пра арганізацыю адпачынку моладзі ў райцэнтры.
На публікацыю адрэагаваў старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч, які паведаміў: “У сістэме райпо дзейнічаюць 2 кафэ, 4 бары, рэстаран. Прадпрыемствы грамадскага харчавання прапануюць наступны пералік страў: па 6 найменняў салодкіх страў і марожанага, па 5-6 – сокаў, газіраванай і мінеральнай вады, салатаў і бутэрбродаў, да 10 найменняў іншых страў. Летам дадаткова з 12 да 19 гадзін працуюць летнія пляцоўкі каля бара “Ля каштана”, універсама “Вясёлка”, міні-кафэ “Балтыка”, дзе ў шырокім асартыменце марожанае, сокі-воды, кандытарскія вырабы, піва”. Аднак, адной толькі ежай наведвальнікаў у кафэ і барах не ўтрымаеш, неабходна паклапаціцца пра адпачынак накшталт цікавай танцавальнай праграмы пад папулярныя запісы, конкурсаў і г. д. І яшчэ, што датычыць работы летніх пляцовак, то, па назіраннях карэспандэнта, яны вельмі часта не працуюць…
Даслаў адказ на матэрыял (праўда, са спазненнем) і начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Георгій Барысевіч, які пазнаёміў з распарадкам работы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, штатным раскладам фізкультурна-спартыўнага комплексу “Колас” і адзначыў: “ У штатным раскладзе ДЮСШ не прадугледжаны спецыяліст для работы на стадыёне, у сувязі з адсутнасцю фінансавання ўвядзенне дадатковых ставак у бліжэйшы час не плануецца”.
Адказ атрыманы, аднак, незразумела, чаму ў ім ідзе размова пра распарадак і штатны расклад, а не пра канкрэтныя меры па арганізацыі адпачынку моладзі з улікам прапаганды заняткаў спортам і здаровага ладу жыцця.