У інфарматыцы нельга без творчасці
Даўно Ляхавічы не мелі такога прадстаўніцтва ў абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”: два нашы педагогі ўдзельнічалі 15 красавіка ў цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў абласнога фіналу. Адна з іх настаўніца інфарматыкі СШ №1 Наталля Арцюшкевіч (пра Наталлю Сапега-Панько з СШ № 2 «ЛВ» расказваў ужо) лепшая ў намінацыі “Нястомнасць у творчым пошуку”, удастоена дыплома ІІІ ступені ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.
З дэвізам “Няма нічога немагчымага” Наталля вучыць школьнікаў і вучыцца сама. Добрая і інтэлігентная, ураўнаважаная і шчырая, адказная і ўважлівая, яна не спыняецца ў пошуках новых ідэй і новаўвядзенняў у сферы інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій. На інфарматыцы хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі спасцігаюць азы камп’ютарных тэхналогій і вучацца працаваць з інфармацыяй, але і выконваюць практычныя заданні пад музыку, разгадваюць крыжаванкі і рэбусы, ствараюць праекты. Па-іншаму, лічыць настаўніца, нельга быць цікавай для сённяшніх вучняў. Усё новае для яе – чарговая прыступка да пакарэння вяршыні. Так было і падчас удзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства.
Да адкрытага ўрока, які праводзіла наша зямлячка ў Жабінцы па тэме “Стварэнне і рэдагаванне вектарных відарысаў”, вырашыла дадаць нотку патрыятызму: падчас вывучэння новай тэмы на маніторах школьнікаў паступова “вымалёўваўся” сцяг іх роднага горада. Урок прайшоў на адным дыханні.
Тэма майстар-класа для яе не новая, а ў іншых выклікала зацікаўленасць, многія ўзялі яе на ўзбраенне – “Выкарыстанне дыстанцыйнага кантролю і навучання ў практыцы настаўніка інфарматыкі”.
На выбар прафесіі, у якой Наталля амаль 2 дзесяцігоддзі, паўплывала сваім уласным прыкладам яе мама, якая больш за 30 гадоў працавала выкладчыкам у ЛДАКу. Прыслухоўваецца Наталля Леанідаўна да парад сына Сяргея. Ён для яе галоўны крытык і дарадца: не толькі добра валодае камп’ютарам, але і можа параіць электронныя падручнікі, энцыклапедыі, праграмныя сродкі – рэсурсы, якія варта выкарыстоўваць.
А яшчэ Наталля любіць падарожнічаць. Яе вабяць новыя маршруты, магчымасць дакрануцца да гісторыі. Марыць пахадзіць па вуліцах Санкт-Пецярбурга, атрымаць асалоду ад рамантыкі Парыжу і ацаніць славутасці Венецыі…
Наталля Арцюшкевіч шчыра дзякуе ўсім калегам, якія дапамагалі, падтрымлівалі яе на этапах конкурсу.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.