Тамарын статак. Чаму выгаднай справай займаецца ўсё менш вяскоўцаў
Пра тое, як эфектыўна ўтрымліваць карову на дамашнім падвор’і, ці выгадная гэта справа, колькі і якіх кармоў трэба затраціць, каб надоі былі важкімі, і як настрой гаспадыні ўплывае на прадукцыйнасць кароўкі, найлепш раскажа Тамара Дарахлевіч з Зубелевіч. Не па чутках робіць яна высновы, а з асабістага вопыту. Статак Тамары налічвае 10 кароў, а сёлета яшчэ пакінула на гадаванне 3 цялушачкі і бычка. Няхай растуць, а там будзе бачна: ладныя выйдуць – у статак, а калі не, то ніколі не позна прадаць. Іменна з продажу лішкаў малака і мяса дзяржаве гаспадыня мае прыбытак. Кожную раніцу да яе сядзібы пад’язджае малакавоз і малаказборшчыца Валянціна Раманава забірае па 170 літраў сырадою, а летам значна больш. Сваім заробкам Тамара задаволена і лічыць, што кожны вясковец мае такую ж магчымасць папоўніць свой сямейны бюджэт, толькі, як зазначае жанчына, трэба працаваць.
У 4 гадзіны раніцы Дарахлевічы ўжо на нагах – іх рабочы дзень пачынаецца. Накарміць-напаіць жывёлу – першачарговая задача. Прычым, Тамара Аляксееўна стараецца, каб у рацыёне былі грубыя кармы, сакавітыя і канцэнтраты, бо пераканана ў праўдзівасці старой прымаўкі: у каровы малако на языку. Дзе браць такія “разнасолы”? У Дарахлевічаў у карыстанні 3 гектары зямлі, дзе і буракі растуць, і бульба, ёсць свой сенакос. Зразумела, гэтага мала, каб самастойна забяспечыць такую гаспадарку. Але, напрыклад, летась, як расказала гаспадыня, СВК “Шлях новы” выдзеліў для яе статка 20 тон сена. На якой падставе, спытаеце? Усё проста: Дарахлевічы здалі ў сельгаскааператыў увесь прыплод жывёлы ў абмен на кармы. Такая практыка ўпаўне задавальняе абодва бакі.
Праўда, ёсць праблемы з выпасам жывёлы. Як мінімум, на кожную карову патрэбна мець 50 сотак травастою – свайго не атрымліваецца, таму гаспадары закупляюць кармы і папаўняюць рацыён.
Вельмі важна ў вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі па максімуму механізаваць працаёмкія працэсы гноевыдалення і даення. Дзякуючы гэтаму, Тамара Аляксееўна траціць не надта многа часу на навядзенне парадку, крыху больш на дойку з абавязковым захоўваннем санітарна-гігіенічных правілаў. Да кожнай кароўкі ў яе асобы падыход. Па словах гаспадыні, добрае слова, вясёлы настрой адчувае і жывёла.
— Дзіўлюся, чаму сёння маладыя людзі, якія жывуць у вёсцы, працуюць у сельскагаспадарчай вытворчасці, рэдка абзаводзяцца падсобнай гаспадаркай. Гэта вельмі выгадна, толькі працуй — і да зарплаты атрымаеш яшчэ некалькі зарплат.
На жаль так, як Тамара Дарахлевіч, думаюць нямногія. У параўнанні з мінулым годам, сёлета раённы статак прыватнага сектара зменшыўся на 147 кароў: на асабістых падвор’ях грамадзян засталіся 1083 жывёліны. Адпаведна зменшыўся і продаж лішкаў малака дзяржаве. Прычым часта і тыя, хто мае ў гаспадарцы карову, калі застаецца малако, прадаюць суседзям – ад жадаючых купіць іншы раз адбою няма. Ды і не дзіўна: у Крывошыне, напрыклад, выбыццё з прыватнага статка найбольшае – 48 кароў. Як расказала кіраўнік справамі сельвыканкама Ніна Буцько, за апошнія 2 гады з трох вясковых статкаў застаўся адзін і той змяншаецца. Па вуліцы Здановіча толькі ў адной гаспадыні ёсць карова, якую трэба гнаць праз усю вёску на выпас: далёка і нязручна. Да таго ж, усяго праз тыдзень зноў надыходзіць чарга пасвіць статак – напэўна, збудуць рагулю. Больш праблем тут і з кармамі: ЗАТ “Белпрампрыбор” выдзяляе сенакос, але касіць, сушыць, прывезці сена – справа рук самога гаспадара, зерне выдаецца толькі за здадзенае цяля. Такая ж сітуацыя і ў Ліпску. Малаказборшчыцы Тамара Шчарбук і Таццяна Папчэня стараюцца збіраць усе лішкі малака, едуць на кожнае падвор’е, нават туды, дзе адна карова на ўсю вуліцу, але часта дарэмна: калі і застаўся літр, то суседзі купілі.
За першы квартал года з уласных падвор’яў раёна сабрана 519,8 тоны малака, на карову – 480 кілаграмаў. Найбольш лішкаў прадаецца там, дзе ўтрымліваецца больш кароў – у Жарабковіцкім, Навасёлкаўскім сельсаветах, найменш – у Ганчароўскім, Свяціцкім, Куршынавіцкім. Зразумела, што колькасць прададзенага малака значна меншая, чым у адпаведны перыяд мінулага года.
Якія прычыны вымушаюць людзей пазбаўляцца ад такога клопату — трымаць у сваёй гаспадарцы карову? Некаторыя з іх відавочныя. Вось і сёлета, як расказаў галоўны спецыяліст па кормавытворчасці райсельгасхарчу Ігар Яварчук, паша для прыватнага статка выдзелена не ўсюды. А там, дзе ёсць, – часцей за ўсё бедная: не падсеяная, калі зроблена падкормка, то толькі калійнымі ўгнаеннямі — азотныя ў дэфіцыце. А, між іншым, пашавы перыяд пачаўся. Праблема – забеспячэнне кармамі. Гэта ў СВК “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы” з разуменнем ставяцца да праблем прыватных падвор’яў і маюць магчымасць дапамагчы. Там жа, дзе грамадскі статак зімаваў галаднавата, гаспадарам разлічваць трэба толькі на свае сілы. А іх, як вядома, у пажылых людзей не надта многа. Маладыя ж часцей аддаюць перавагу больш бесклапотнаму жыццю і не хочуць траціць сілы і сродкі на вырашэнне непазбежных праблем.
Адно вядома дакладна: спрыяльныя ўмовы гаспадарання, калі выгада відавочная для ўсіх, будуць садзейнічаць развіццю ўласных гаспадарак. Прыклад таму – Тамара Дарахлевіч з Зубелевіч.
Аліна ЛАПІЧ.