З «серабром» вярнулася з кантынентальнага першынства ляхавічанка Алеся Барысевіч

Іспанскія канікулы для першакурсніцы агранамічнага аддзялення Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Алесі Барысевіч прайшлі з бляскам. У пераносным, але і самым прамым сэнсе слова, хоць паездку ў няблізкі замежны Касерэс назваць канікуламі можна хіба дзеля прыгожага слова. Усё ж такі кантынентальныя спаборніцтвы суправаджае абсалютна іншы антураж, чым у выпадку бесклапотна-захапляльнага турыстычнага ваяжу. Першынство Еўропы па самба сярод юнакоў і дзяўчат, юніёраў і юніёрак, якое ў гэтым іспанскім горадзе праходзіла з 10 па 14 красавіка, сабрала атлетаў з прыкладна двух дзясяткаў краін старога свету.

Нягледзячы на адсутнасць алімпійскага статусу, самаабарона без зброі набывае ўсё большую папулярнасць, заводзіць новых прыхільнікаў, пашырае геаграфію. Тым самым узмацняецца і канкурэнцыя, у выніку чаго ўчарашнія салісты барцоўскага дывана сёння ўжо не з’яўляюцца цвёрдымі лідарамі сваіх зборных, вагавых катэгорый. Вось і ў лік прызёраў іспанскага еўрапершынства разам з традыцыйна моцнымі і асабліва паспяховымі расіянамі трапілі спартсмены і спартсменкі краін, дзе самба – зусім не від спорту №1. Гаспадары спаборніцтваў, напрыклад, балгары і іншыя.

Сярод такіх і наша Алеся, якая стала ў Іспаніі другой сярод дзяўчат, уласная вага якіх не перавышае 48 кілаграмаў. У ходзе першых двух выхадаў на дыван выхаванка Ляхавіцкай ДЮСШ не дазволіла сваім саперніцам ні аднаго выніковага тэхнічнага дзеяння, закончыла паядынак “у нуль” на сваю карысць. У псіхалагічным плане асабліва няпроста было спарынгаваць з “гаспадыняй” турніру. На баку іспанкі – родныя сцены, падтрымка гледачоў ды і, як паказвае практыка любога віду спорту, арбітраж. Выстаяла, прайшла ў фінал, дзе ў якасці саперніцы нашу зямлячку чакала вельмі моцная спартсменка з Расійскай Федэрацыі. У нейкі з момантаў “падлавіўшы” Алесю на балявы прыём, расіянка пераможна завяршыла і паядынак, і турнір у цэлым. Але сярэбраны медаль еўрапейскага першынства – чым не бліскучы вынік? Яго разам са спартсменкай і яе трэнерам у пэўнай меры могуць раздзяліць ляхавіцкія ПМС, трансэлектракамплект, завод металапластмас. Без іх фінансавай падтрымкі іспанскія канікулы маглі б і не адбыцца.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *