Вынікамі і ўражаннямі паездкі на Палескі лёгкаатлетычны крос падзяліўся трэнер-выкладчык ДЮСШ г. Ляхавічы Андрэй Іванюценка
У якасці, так бы мовіць, перадстартавай размінкі не пашкодзіць кароткі гісторыка-пазнавальны экскурс. Ураджэнец іванаўскай зямлі Уладзімір Цямчык у свой час з’яўляўся выдатным майстрам бегу, быў адным з лепшых у СССР у сваёй спецыялізацыі. Спецыялізаваўся ж Уладзімір на марафонскіх, паўмарафонскіх дыстанцыях, бегаў дзесяці-кіламетровыя адрэзкі, “пяцёрку”. Майстар спорту міжнароднага класа. Пачынаючы з 2004 года ў Іванава праводзіцца Палескі лёгкаатлетычны крос на прызы майстра. Старт уключаны ў план рэспубліканскіх спаборніцтваў, адначасова з’яўляецца адкрытым чэмпіянатам і першынством Брэсцкай вобласці. Удзел у кросе атлетаў з Расіі і Украіны стаў ужо добрай традыцыяй, што таксама з’яўляецца сведчаннем папулярнасці спаборніцтва, яго рэйтынгавасці. Прыезд ганаровых гасцей – яшчэ адна адметнасць Палес-кага кросу. Сёлетні, які завяршыўся крыху больш тыдня таму, 11-ты старт наведала вядомая беларуская бягуння Марыя Арзамасава, а лепшы лёгкаатлет Еўропы 2006 года ўкраінец Іван Гешко не стаў абмяжоўвацца роляй ганаровага госця – стартаваў на дзесяцікіламетровай дыстанцыі.
Як адзначыў Уладзімір Цямчык, сёння Палескі крос ведаюць далёка за межамі Беларусі, і задоўга да яго правядзення аматары бегу робяць заяўкі на ўдзел у ім. Галоўная мэта – прапаганда здаровага ладу жыцця, а прысутнасць знакамітых майстроў бегу для пачынаючых бегуноў – выдатны стымул для росту.
На гэты раз выпрабаванне кросавай трасай прайшлі амаль 600 спартсменаў – мужчыны і жанчыны, юнакі і дзяўчаты. У залежнасці ад гэтага і дыстанцыі: ад самай кароткай 500-метроўкі да 10 кіламетраў для найбольш падрыхтаваных. Ляхавіччыну на спаборніцтвах прадстаўляў максімальна магчымы склад каманды: 7 юнакоў, 7 дзяўчат. З іх асабліва вызначыўся Дзмітрый Равінскі, які пераадолеў 3 тысячы метраў за 9 мінут 18,31 секунды. Тым самым не толькі перамог – на 10 секунд палепшыў рэкорд трасы, які трымаўся 5 гадоў. Яшчэ зусім нядаўна дзесяцікласнік СШ №1, зараз Дзіма – навучэнец Брэсцкага вучылішча алімпійскага рэзерву. Сярод дзяўчат на гэтай жа дыстанцыі наша Лізавета Кандрацьева стала трэцім прызёрам. На рахунку ляхавічан таксама чацвёрты, шосты, дзявяты і гэтак далей фінішы на сёлетнім Палескім кросе.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота з сайта Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.