За здароўем не трэба далёка хадзіць

Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў цікавіцца справамі ФАПа ў Таццяны Аніскевіч.

Востраўскі ФАП заняў трэцяе месца сярод фельчарска-акушэрскіх пунктаў у абласным аглядзе-конкурсе ўстаноў аховы здароўя па павышэнні якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва па выніках мінулага года.

Днямі Востраўскі фельчарска-акушэрскі пункт адзначыць 2 гады свайго “пражывання” ў абноўленым сучасным памяшканні. Дарэчы, знаходзіцца ён у адным будынку з сельвыканкамам і канторай сельгаспрадпрыемства.

Радуе вока з густам аформленая тэрыторыя ФАПа, у якую яе супрацоўнікі – загадчыца Таццяна Аніскевіч і санітарка Алена Кулак – укладваюць не толькі час і сілы, але і душу. Не ўсякая гарадская ўстанова можа пахваліцца такімі арыгінальнымі ландшафтнымі ідэямі і вынаходкамі. Летась Востраўскі фельчарска-акушэрскі пункт заняў 1 месца ў конкурсе добраўпарадкавання тэрыторыі сярод ФАПаў раёна.

Фае сустракае ўтульнасцю і чысцінёй, мноствам кветак, неабходнай і карыснай інфар-мацыяй для наведвальнікаў. На ФАПе створаны ўсе ўмовы для пацыентаў і медперсаналу: абсталяваны кабінеты прыёму, агляду, зубны, працэдурны і медыцынскай сястры, маюцца дапаможныя памяшканні.

Раз у тыдзень тут вядзе прыём пацыентаў урач агульнай практыкі з Тухавіцкай амбулаторыі Галіна Магер, а лабарант Наталля Маслоўская праводзіць неабходныя лабараторныя даследаванні. Дзякуючы спонсарскай дапамозе ЗТАА “БелДан” на ФАПе ёсць электракардыёграф, паказанні якога прафесійна “чытае” Галіна Паўлаўна. Вырашаецца пытанне з выездам сюды зубнога фельчара (работнік, які працаваў раней, звольніўся). Па словах намесніка галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіла Куляшова, тут чакаюць маладога спецыяліста. Перыядычна вядзе прыём урач-гінеколаг райбальніцы. Такім чынам, мясцовае насельніцтва на месцы можа атрымаць усю неабходную першасную медыцынскую дапамогу.

Скараціць адлегласць паміж вёскамі загадчыцы ФАПа дапамагае скутар.

У зоне абслугоўвання ФАПа, акрамя 480 вастраўчан, яшчэ каля 500 жыхароў навакольных вёсак. Пад асаблівым патранажам Таццяны Аніскевіч 12 хлопчыкаў і дзяўчынак да году (а такой колькасцю можа пахваліцца не кожны ФАП), адзінокія і адзінока пражываючыя, людзі шаноўнага ўзросту, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды, цяжарныя жанчыны і пацыенты з хранічнымі захворваннямі.

За дзень на ФАП звяртаюцца да 15 вяскоўцаў з рознымі праблемамі: гіпертаніяй і прастудай, расцяжэннем звязак і апёкамі і іншымі. А нехта прыходзіць проста падзяліцца жыццёвымі праблемамі. За больш як 2 дзесяцігоддзі ў медыцыне Таццяна Паўлаўна пераканалася ў правільнасці абранага прафесійнага шляху. Белы халат – яе дзіцячая мара. Яшчэ з малых гадоў, прыбягаючы да цёткі ў Тухавіцкую амбулаторыю, марыла, што будзе таксама дапамагаць людзям. Добразычлівая, чулая, яна ўмее прыняць правільныя рашэнні незалежна ад складанасці сітуацыі, падтрымаць добрым словам.

Хаця працоўны дзень пачынаецца ў 8 гадзін, у 7 яна ўжо на месцы (нягледзячы на тое, што жыве ў Тухавічах). Наогул, для медработніка паняцце працоўны дзень даволі ўмоўнае: людзям бывае патрэбна тэрміновая дапамога і позна вечарам, і зранку. Загадчыца ФАПа спяшаецца на выклікі, праводзіць прафілактычныя агляды, актыўна вядзе санітарна-асветніцкую работу сярод насельніцтва. Зона яе клопату дастаткова вялікая – 8 вёсак. Усюды паспець дапамагае скутар – зноў жа падарунак “БелДана”. Летась прадпрыемства падарыла медыкам яшчэ і мікрахвалёвую печ з тумбачкай пад яе.

Жыццярадасная, энергічная, Таццяна імкнецца стварыць на ФАПе атмасферу, якая спрыяе хутчэйшаму выздараўленню. Кабінет прыёму пацыентаў патанае ў прыгожых кветках, на сценах карціны.

– Таццяна Паўлаўна – прафесіянал сваёй справы, вельмі адказна выконвае назначэнні ўрача, дакладна ставіць дыягназ, робіць прафілактычныя прышчэпкі. За мінулы год у кнізе заўваг і прапаноў адны толькі падзячныя водгукі, – адзначае Міхаіл Куляшоў. – Таму, лічу, трэцяе месца ФАПа ў абласным аглядзе- конкурсе (“ЛВ” нядаўна пісаў пра перамогу) – не выпадковасць, а заканамернасць.

Карэспандэнты раёнкі прыехалі ў Востраў, калі прыём пацыентаў на ФАПе быў у самым разгары. Мясцовыя жыхары ў адзін голас адзначалі выдатнае і кваліфікаванае абслугоўванне іх тутэйшымі медыкамі.

Маці дзяўчынкі Наташы, якой 1 год 7 месяцаў, родам з Санкт-Пецярбурга. Аднойчы прыехала ў Востраў у госці і засталася тут назаўсёды. Зараз з малодшай дачкой у дэкрэтным водпуску, да таго працавала ў СВК.

– Мне падабаецца, што не трэба ехаць далёка за медыцынскімі паслугамі. На нашым ФАПе ў любы час атрымаеш дапамогу. Загадчыца заўсёды з усмешкай, карэктная – наш сямейны доктар. Чакаем і прыезду ўрача з Тухавіцкай амбулаторыі Галіны Магер, – дзеліцца ўражаннямі маладая маці.

Як у сапраўднага прафесіянала, у Таццяны Аніскевіч запаветная мара – каб яе землякі заўсёды былі здаровыя.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *