У школу… на работу


Думкі сёлетніх выпускнікоў накіраваны на заключны этап уступнай кампаніі. Для большасці з іх менавіта зараз робіцца канчатковы выбар будучай прафесіі і карэкціруюцца планы на дарослае жыццё. Таму і бегаюць, у прамым сэнсе гэтага слова, па кабінетах урачоў, каб атрымаць медыцынскую даведку, неабходную для паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, а таксама ў прафесіянальна-тэхнічныя вучылішчы, уважліва сочаць па інтэрнэце за ходам уступнай кампаніі. Зусім іншыя клопаты ў вучняў малодшых і сярэдніх класаў – яны поўнасцю аддаюцца летняму адпачынку: весела бавяць час з сябрамі, купаюцца, загараюць, падарожнічаюць.
Не менш насычаныя летнія дзянькі і для старшакласнікаў, аднак, многія з іх жадаюць падчас канікулаў не толькі адпачыць, але, па магчымасці, і падзарабіць грошай на так званыя “кішэнныя” расходы. Такое жаданне варта заахвочваць і падтрымліваць дарослым: добра што падлеткі імкнуцца самастойна падзарабіць, каб быць не толькі з грашыма, але і адчуваць сябе больш самастойнымі і на ўласным вопыце ўпэўніцца, што грошы неабходна зарабіць. Ажыццявіць гэта ў свабодны ад вучобы час больш шанцуе маладым жыхарам вялікіх гарадоў, дзе юнакам і дзяўчатам без праблем прапануюць вакансіі бармэнаў і афіцыянтаў у малочных кафэ і іншых прадпрыемствах грамадскага харчавання, прыбіральшчыкаў, распаўсюджвальнікаў рэкламы, нянек, рознарабочых, будаўнікоў і г.д. Студэнты педагагічных ВНУ і ССНУ працуюць у аздараўленчых лагерах у якасці важатых, выхавальнікаў, фізрукоў і плаўрукоў. Як і ў мінулым стагоддзі, даволі папулярныя сярод моладзі будаўнічыя студэнцкія атрады, трапіць у якія могуць толькі лепшыя і самыя актыўныя студэнты.
А што рабіць рабятам-ляхавічанам, якія жадаюць падзарабіць грошай? Перш за ўсё размова пойдзе пра другасную занятасць школьнікаў. Галоўны спецыяліст сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Астапенка расказала, што сёлета летам у рамках праграмы другаснай занятасці школьныя брыгады працуюць у САШ № 2, Востраўскай і Крывошынскай САШ. Паміж аддзелам адукацыі райвыканкама і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне заключаны дагавор, згодна якога 45 хлопчыкаў і дзяўчынак з гэтых навучальных устаноў выконваюць пэўны пералік работ, за якія атрымаюць заработную плату.
Даволі разнапланавай выдалася пятая працоўная чвэрць для 20 падлеткаў ад 14 да 17 гадоў з САШ № 2. На працягу чэрвеня з абавязковымі двума выхаднымі на тыдзень і працягласцю дзённай працоўнай вахты ад 4 да 7 гадзін рабяты рамантавалі школьную мэблю, наводзілі парадак на стадыёне “Колас”, займаліся праполкай. За кошт сродкаў абласнога фонду сацыяльнай абароны насельніцтва былі закуплены фарба, рэмкамплекты і спецадзенне для іх на суму 2296 тысяч рублёў. У сярэднім кожны з юных памочнікаў зарабіў крыху больш за 100 тысяч рублёў.
Старанна і, галоўнае, якасна працуюць і 10 вучняў Востраўскай САШ – рамантуюць школьную мэблю і займаюцца добраўпарадкаваннем.
З пачатку ліпеня 15 рабят Крывошынскай САШ шчыруюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі паркавага ансамбля Рэпіхава, а яшчэ рамантуюць, падфарбоўваюць класныя пакоі, спартыўную і актавую залы. Ва ўсіх школьных брыгадах падлеткі працуюць з задавальненнем і жаданнем. Дарэчы, трапіць у працоўны дэсант змаглі толькі самыя працавітыя і ініцыятыўныя вучні.
З другой паловы ліпеня, таксама ў рамках праграмы другаснай занятасці, пачне працаваць і будаўнічая брыгада ў складзе 15 чалавек у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы.
Як адзначыла Алена Астапенка, сёлета маладых людзей, якія жадаюць папрацаваць летам ў вольны ад вучобы час, значна больш, чым прапаноўваемых месцаў. Многія прадпрыемствы адмаўляюцца ад часовых работнікаў, бо не маюць у іх патрэбы, спраўляюцца з вытворчасцю ўласнымі сіламі ці гатовы прыняць нават на часовую працу кваліфікаваных работнікаў. “Таму, на жаль, даводзіцца адмаўляць юнакам і дзяўчатам, якія просяць даць хоць якую-небудзь работу, і іх бацькам, якія звяртаюцца з просьбай працаўладкаваць дзяцей”, – тлумачыць сітуацыю спецыяліст.
Вось і атрымліваецца, што юнакі і дзяўчаты працаваць хочуць, але не заўсёды маюць такую магчымасць. Праўда, як гаворыцца, хто шукае, той заўсёды знойдзе. Некаторыя ўсё ж знаходзяць прымяненне сваім сілам і энергіі: адпраўляюцца ў лес за ягадамі, якія потым здаюць нарыхтоўшчыкам ці прадаюць на рынку, бяруцца і за часовую работу. Дзве знаёмыя дзяўчынкі, напрыклад, прадаюць квас, некаторыя пэўны час працавалі на ТАА “Трансэлектракамплект”. Пачынаецца жніво, на палетках і зернетаках таксама спатрэбіцца дапамога маладых і працавітых, а восенню па адпрацаванай традыцыі старшакласнікі выйдуць на палеткі гаспадарак раёна і будуць дапамагаць на ўборцы бульбы, ільну, яблык.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *