Б’е — не значыць любіць

Напэўна, кожны чуў фразу “мой дом — мая крэпасць”. Але далёка не кожны тое ж самае можа сказаць пра свой дом. Як гэта ні сумна, знаходзіцца побач з самымі, здавалася б, блізкімі людзьмі часам бывае надзвычай небяспечна.

Калі муж б’е 32-гадовую Таццяну пры дзецях, яна церпіць. Потым, калі ён, п’яны, засынае, бяжыць на двор і тэлефануе сяброўцы, скардзіцца. І ўсякі раз паўтарае: “Сама вінаватая, мала ўдзяляю яму ўвагі, больш клапачуся пра дзяцей”. Такіх апраўданняў у Таццяны нямала. Як вынік, сінякі для яе – звыклая рэч, а дзеці кожны вечар са страхам чакаюць, у якім настроі прыйдзе бацька, і ці будзе зноў плакаць мама. Аднойчы старэйшы сямігадовы сын Віця не вытрымаў чарговага скандалу і крыкнуў бацьку: “Вырасту – забяру маму з сястрычкай! Пабудуем новы дом. А цябе з сабой не возьмем, ты мучыш маму”.

А Таццяна на сваіх пазіцыях: “На развод не пайду. Ён мой муж. У кожнага свае недахопы. Дзеці падрастуць – зразумеюць мяне”. Што можна на гэта сказаць… І якімі вырастуць хлопчык і дзяўчынка, на чыіх вачах бацька ледзь не штодзень здзекаваўся з маці…

З 15 па 30 красавіка ў краіне праходзіў асноўны этап рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Дом без насілля”. Яе асноўная мэта – дапамога і садзейнічанне грамадзян дзяржаўным органам у вырашэнні праблем бытавога насілля і сямейнай неўладкаванасці. Гэта чарговая магчымасць данесці да свядомасці людзей, што насілле ў сям’і – злачынства.

Брат падняў руку на малодшую сястру… Бацька так “выхоўваў” дачку, што тая з пабоямі трапіла ў бальніцу… Жонка часцей начавала па суседзях, чым дома, ратуючыся ад мужа-тырана… Каго цяпер здзівіш такімі прыкладамі? І ніяк не гром сярод яснага неба, а тое, што і можна было прадбачыць: сын забівае старэнькую маці, якая не дала грошай на чарговую бутэльку. Яшчэ адзін такі злачынца-труцень у нашым раёне па той жа прычыне забіў бацьку.

Ахвяры іншым часам не ведаюць, як абараніць сябе ад хатняга насілля, і працягваюць жыць, кіруючыся прынцыпам “сцерпіцца – злюбіцца” ці “б’е – значыць любіць”.

– Насілле можа здарыцца ў любой сям’і, хаця большасць фактаў рэгіструецца ў неўладкаваных, малазабяспечаных, тых, дзе адзін ці некалькі членаў сям’і злоўжываюць алкаголем. Пацярпелым, незалежна ад таго муж гэта ці жонка, бацькі ці дзеці, абавязкова трэба звяртацца за дапамогай, а не спадзявацца, што здзекі спыняцца самі па сабе. Усё можа закончыцца надзвычай плачэўна, – зазначае начальнік аддзялення прафілактыкі і аховы правапарадку РАУС Раман Лявонцьеў.

І ў працяг размовы факты: з пачатку года ў РАУС паступіла 8 заяў пра бытавыя канфлікты, 89 паведамленняў пра сямейныя скандалы. Пасля іх разгляду да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 89 чалавек, падчас прафілактычных акцый, што праводзіліся супрацоўнікамі міліцыі, узбуджана 8 крымінальных спраў: 5 – за пагрозу забойствам, 1 – за катаванне, 2 – за наўмыснае нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Міліцыянеры разам з медыкамі канстатуюць, што ў пераважнай большасці праблемных сем’яў галоўным каталізатарам сямейных разборак з’яўляецца алкаголь: 80 працэнтаў грамадзян падчас учынення правапарушэння ці злачынства былі нецвярозымі, і кожны другі пацярпелы знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Значная частка сямейных скандалаў, якая заканчваецца насіллем, прыпадае на выхадныя дні з 18 да 24 гадзін.

Барацьба з алкагалізацыяй насельніцтва вядзецца пастаянна і рознымі службамі. Па словах Рамана Лявонцьева, сёлета судом Ляхавіцкага раёна асуджаны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі 5 хранічных алкаголікаў, прычым усе яны з’яўляюцца і сямейнымі скандалістамі, і абавязанымі асобамі. На лячэнне ў абласную псіханеўралагічную бальніцу “Крывошын” накіраваны 34 чалавекі, 12 пас-таўлены на ўлік да ўрача-нарколага райбальніцы. Асноўная колькасць хранічных алкаголікаў (усяго на ўліку больш за 900 чалавек) – вяскоўцы. І гэта азначае, што ўчастковым інспектарам міліцыі неабходна актывізаваць меры па спыненні ці хаця б змяншэнні сярод насельніцтва п’янства і алкагалізму, узмацніць барацьбу з незаконным абарачэннем спіртаўтрымліваючай вадкасці. З пачатку года выяўлена 16 парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства, канфіскавана 423 літры самагоннай брагі і самагону, 3 самагонныя апараты.

Цяпер на ўліку ў РАУС знаходзіцца 160 сямейных скандалістаў. Апісваючы партрэт сярэднестатыстычнага дамашняга насільніка, Раман Лявонцьеў адзначае, што гэта мужчына ва ўзросце 35-50 гадоў, які злоўжывае алкаголем, часта нідзе не працуе. А псіхолагі ўдакладняюць: дамашнія тыраны вызначаюцца няўпэўненасцю ў сабе, увесь свой негатыў яны выплюхваюць на блізкіх, прыніжаюць іх, здзекваюцца (а насілле ў сям’і гэта не толькі рукапрыкладства, але і прыніжэнне, прыгнечанне, сэксуальнае насілле). Такі чалавек нават не імкнецца растлумачыць нешта жонцы, дзецям ці бацькам, а адразу пускае ў ход кулакі. Як правіла, дамашнія скандалісты зусім па-іншаму паводзяць сярод чужых людзей – на рабоце, з сябрамі. 43-гадовы Генадзій працуе на адным з прадпрыемстваў раёна. Разважлівы, спакойны, не ўступае ў канфлікты – такі ён на рабоце. Жорсткі, заўсёды злосны на жонку і сына, маці. Яго слова ў сям’і не аспрэчваецца. Калі нехта паспрабуе супярэчыць, рызыкуе атрымаць як мінумум аплявуху – такі мужчына дома. Напэўна, так і жыла б сям’я далей, хаваючы ад чужых людзей сямейную тайну, каб аднойчы ўжо дарослы сын не вытрымаў і не даў адпор бацьку – такі, што давялося выклікаць медыкаў…

16 красавіка гэтага года ўступіў у дзеянне новы Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”. У ім, у параўнанні з папярэднім заканадаўчым актам, утрымліваюцца і пункты, што датычаць барацьбы з дамашнімі тыранамі. І гэта сур’ёзны крок насустрач ахвярам сямейнага насілля. Законам уводзіцца абароннае прадпісанне, што будзе прымяняцца да чалавека, які ўчыніў правапарушэнне ў сферы сямейных адносін паўторна на працягу года. Калі ахвяра насілля пакідае агульнае жыллё, насільнік не мае права ісці з ёю на кантакт. Таксама яму забараняецца рабіць спробы высвятляць месца знаходжання ахвяры, сустракацца з ёю ці турбаваць яе па тэлефоне або праз інтэрнэт. Насільнік пазбаўляецца права распараджацца агульнай маёмасцю з пакрыўджаным чалавекам.

І яшчэ адно немалаважнае новаўвядзенне. Калі раней крымінальная справа ўзбуджалася за прычыненне цялесных пашкоджанняў, то цяпер нават за абразу парушальнік сямейнага спакою можа атрымаць да 30 сутак арышту.

Магчыма, гэта паставіць хоць частковы заслон насіллю ў сям’і. А калі бяда ўсё ж не абышла вас, не маўчыце – тэлефануйце ў міліцыю па нумарах 102, 2-48-37. Працуе і агульнанацыянальная «гарачая лінія» для пацярпелых ад дамашняга насілля – 8-801-100-8-801 (з 8.00 да 20.00).

Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта http://serbian.ruvr.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *