Ёсць чалавек такі ў Ляхавіцкім раёне

З Уладзімірам Лаўрэнавым мяне пазнаёміла школа. Кіраўнік метадычнага аб’яднання гісторыкаў раёна, ён прыйшоў падчас франтальнай праверкі да мяне на ўрок…

Прайшло нямала часу, а ён зусім не змяніўся – тактоўны, энергічны, з цікавымі і арыгінальнымі ідэямі. У гэтым чалавеку арганічна спалучаецца таленавіты педагог і рамантычная натура, творчая асоба з задаткамі паэта, мастака і музыканта. Самавучка, ён добра спявае, іграе на музычных інструментах, песні нараджаюцца ў яго душы.

Калі шчасце чалавека вымяраецца справамі, якія радуюць сэрца, то Лаўрэнаў – шчасліўчык. За сваё жыццё працаваў і літработнікам у Нараўлянскай райгазеце, і загадчыкам клуба, і настаўнікам… Падчас службы ў арміі быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, а ў школе міліцыі — старшынёй экзаменацыйнай камісіі па гісторыі. І дзе б ні працаваў — усюды словы падзякі і ўзнагароды.

Яго жыццё багатае на падзеі і сустрэчы. Вось і гэта нагода для сустрэчы з раёнкай важкая: дзесяцігоддзе таму ўбачыла свет гістарычна-літаратурная хроніка Уладзіміра Лаўрэнава “Ёсць край такі…” Кніга апавядае пра гісторыю вёсак Жарабковіцкага сельсавета і мясцовых людзей.

Для яго, ураджэнца Гомельскай вобласці, Жарабковічы сталі другой радзімай, пра якую ён напісаў не адзін верш і склаў не адну песню. Нават паспрабаваў стварыць герб вёскі.

Кніга не з’явілася б, каб не няўрымслівы характар і апантанасць справай Лаўрэнава. Разумеў: нашчадкі павінны ведаць гісторыю месца свайго нараджэння, ганарыцца зямлёй і продкамі. Узрушаны багатай спадчынай мясцін, пачаў займацца краязнаўствам. Разам з вучнямі па крупінках збіраў экспанаты і матэрыялы для школьнага музея гісторыі вёсак калгаса “Беларусь”, які пачаў прымаць першых наведвальнікаў падчас 40-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Шмат гадоў музей дапамагаў выхоўваць любоў да роднай зямлі ў многіх пакаленняў жарабковіцкіх школьнікаў. Ён стаў першай прыступкай да стварэння хронікі.

– Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу абуджала ў вучняў цікавасць да мінулага, да вывучэння свайго краю. 9 маіх вучняў прымалі ўдзел у абласных алімпіядах па гісторыі. Са школьнікамі аб’ездзілі ўсю Беларусь – гаспадарка ішла насустрач і выдзяляла для экскурсій бясплатна транспарт. На цягніку падарожнічалі ў Санкт-Пецярбург, на радзіму Цыялкоўскага ў Калугу, – расказвае Уладзімір Лаўрэнаў.

На ўроках ён выкарыстоўваў сюжэтныя, ролевыя сітуацыі, рабіў вучняў саўдзельнікамі, “акунаў” іх у вывучаемае асяроддзе.

З цеплынёй успамінае ўсе свае выпускі, пра кожны можа апавядаць вельмі доўга:

– Надзвычай цікавы выпуск 1995 года. З ім лёгка было працаваць і вучыцца. Дзеці былі гарэзлівыя і шустрыя, добрыя і шчырыя, адказна выконвалі даручэнні. Тады з сямі адзінаццацікласнікаў пяцёра закончылі школу з медалямі. Разам з вучнямі мы выходзілі ў калгас на працу: капалі бульбу, падымалі лён.

Ён з захапленнем расказвае пра сваіх землякоў, якія “рабілі” гісторыю краю.

– У 1919 годзе ў Жарабковічах дзейнічаў партызанскі атрад з жыхароў навакольных вёсак, які ўзначальваў зарытавец Майсей Кухарчык, кранштацкі матрос з лінкора “Петрапаўлаўскі”. Яны змагаліся супраць белапольскіх акупантаў. У адказ тыя спалілі Зарытава…

Гартаеш старонкі гістарычна-літаратурнай хронікі, і не верыцца, што такую маштабную працу арганізоўваў адзін чалавек. Дарэчы, да напісання кнігі ва Уладзіміра Лаўрэнава быў ужо вопыт удзелу ў падрыхтоўцы кнігі “Памяць. Ляхавіцкі раён”, ён вёў у раёнцы рубрыку “Вёска, радзіма мая…”.

“Ёсць край такі” адкрываюць гісторыка-геаграфічныя звесткі і аднайменны з назвай кнігі верш аўтара.

Ёсць край такі,

Дзе так заўжды на сэрцы лёгка,

Паветра родных месц мне душу лечыць.

Бярэ свой шлях тут рэчка Шавялёўка

І праз стагоддзяў тоўшчу

мчыць у вечнасць…

Сівая мінуўшчына ў кнізе пераплятаецца з падзеямі жыцця ХІХ стагоддзя, аповед пра ваенныя гады – з жыццём калгасным, лёсамі землякоў. Задакументаваныя падзеі, архіўныя матэрыялы, мясцовыя легенды і паданні, нарысы, успаміны прасякнуты вялікай любоўю да малой радзімы, да аднавяскоўцаў – людзей працавітых і гаспадарлівых. Сапраўдны летапіс вёсак, які будзе цікавы не толькі яе землякам, але і тым, хто вывучае і даносіць подых мінуўшчыны да нашчадкаў.

Матэрыялы для свайго “дзецішча” Уладзімір Міхайлавіч збіраў 5 гадоў. За гэты час вырашаліся арганізацыйныя і фінансавыя пытанні, ішоў пошук суаўтараў і месца выдання. Працаваў над матэрыяламі з архіваў краіны, далучыў да справы такіх жа неабыякавых людзей, напісаў і сам мноства нарысаў. Для таго, каб палепшыць якасць фотаздымкаў, давялося нават звяртацца на “Беларусьфільм”. Сродкі на выданне выдаткавала мясцовая гаспадарка – калгас «Беларусь». Не ведаючы Лаўрэнава асабіста, перадаў грошы на выданне кнігі і ўраджэнец тутэйшых мясцін жыхар Санкт-Пецярбурга Дзмітрый Турко.

– Гісторыя – аснова сённяшняга дня, – гаворыць Уладзімір Міхайлавіч. Галоўная каштоўнасць сям’і – яе радавод. Ведаю свае карані да пятага калена. Цяпер трэба, каб ведалі тых, хто быў, мае ўнукі – іх у мяне трое. А яшчэ мару знайсці звесткі пра сваіх родзічаў — удзельнікаў вайны. Пакінуць “базу” для ўнукаў.

Шчаслівы бацька і дзед. Ён жартуе, смяецца, успамінаючы нейкія эпізоды з сямейнага і школьнага жыцця. З цеплынёй расказвае пра жонку, з якой вырасцілі двух сыноў і дачку. Ганарыцца тым, што ўсе трое закончылі школу з медалямі, знайшлі сваё месца ў жыцці. Лічыць самай высокай узнагародай жыцця надпіс, які зрабіў на кнізе-юбілярцы “Ёсць край такі…” Мітрапаліт Філарэт: “Настаўніку Уладзіміру з удзячнасцю за працу творчую”.

Наталля ПЕРАПЕЧКА,

фота аўтара і з архіва Уладзіміра ЛАЎРЭНАВА.

Звяжуцца дні гадамі,

Гады ў вякі.

Нітка жыцця цэльна цягнецца ў вечнасць.

Добры след – успамін

Аб сябе пакінь

На зямлі бацькоў

І ў душы чалавечай,

Нашчадак мой – майго роду працяг.

У гэтым сэнс

Зямнога жыцця.

Уладзімір ЛАЎРЭНАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *