Візавыя тонкасці
Нормы новага Візавага кодэкса пашыраюць пералік грамадзян, якія вызваляюцца ад аплаты за візу. Цяпер консульскі збор не ўносяць маладыя людзі ва ўзросце да 25 гадоў, якія накіроўваюцца на навуковыя, культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, што арганізуюцца некамерцыйнымі арганізацыямі. Кошт візы для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў складае 35 еўра (стандартны кошт візы застаецца на ўзроўні 60 еўра). Для грамадзян краін, што не ўваходзяць у Шэнгенскую прастору, з якімі Еўрапейскі саюз заключыў пагадненне аб спрошчаным афармленні віз, іх кошт складзе 35 еўра. Пасольства кожнай краіны самастойна ўстанаўлівае валюту, у якой неабходна аплаціць візу.
Новы кодэкс замацоўвае тры тыпы віз: кароткатэрміновую (да 90 дзён знаходжання ў краіне на працягу паўгода), транзітную (выдаецца ў аэрапорце) і доўгатэрміновую (да 180 дзён на працягу года). Прычым, апошні від застаецца прэрагатывай нацыянальных урадаў і прыраўноўваецца да дазволу на пражыванне. Фактычна ўладальнік доўгатэрміновай візы атрымлівае права перамяшчацца па ўсёй шэнгенскай зоне. Акрамя таго, калі заяўнік можа пацвердзіць неабходнасць частых падарожжаў, а консульства лічыць яго надзейнай персонай, то тады ён можа атрымаць шматразовую візу.
Візавым кодэксам устанаўліваюцца пэўныя патрабаванні да пашпарта, які падаецца заяўнікам на атрыманне шэнгенскай візы, а менавіта: тэрмін дзеяння дакумента павінен перавышаць дату магчымага выезду замежнага грамадзяніна з тэрыторыі дзяржавы – члена ЕС не менш чым на тры месяцы, дакументы павінны мець не менш дзвюх чыстых старонак, прызначаных для размяшчэння ў іх віз. І яшчэ, пашпарт павінен быць выдадзены не больш як 10 гадоў таму.
Віктар ЧАРНЯК,
начальнік аддзялення
па грамадзянству і міграцыі РАУС.