Была вайна. І была Перамога
Калі я была яшчэ настолькі маленькай, што верыла ў існаванне добрых фей і злых чараўнікоў, і настолькі дарослай, што ўжо ведала пра вайну з фашыстамі і пра тое, што мы перамаглі і заўсёды пераможам ворагаў, не задумвалася, як жа нядаўна па тым часе была вайна. І ў падлеткавым узросце, і ў юнацтве здавалася, што даўным-даўно яна палыхала. А потым аднойчы гартала сямейны альбом, углядалася ў зусім маладыя твары мамы і таты на фотаздымку, памечаным лістападам 1946 года, і ажно ўстрапянулася: дык гэта ж няпоўныя паўтара гады пасля вайны… І я нарадзілася ўсяго праз дзевяць гадоў пасля Перамогі. Па-сутнасці, маё пакаленне – пасляваеннае, і многія сябры-знаёмцы бацькі-франтавіка былі ветэранамі Вялікай Айчыннай. Мне пашчасціла некаторых ведаць асабіста. Так хочацца майскім шчымліва радасным і адначасова бясконца журботным днём успомніць пра тых герояў, чыю маладосць апякла- апаліла вайна, і каго ўжо няма на зямлі…
Самы першы і самы галоўны – мой любы татачка Пётр Бычкоў. Восенню 1941 яму трэба было дэмабілізоўвацца з тэрміновай службы, ды пачалася вайна. І толькі летам 1946 афіцэрам вярнуўся ён дадому. Не на малой радзіме ў Віцебшчыне пачаў мірнае жыццё – на Брэстчыне, куды маці з братамі і сёстрамі перабраліся, ратуючыся ад голаду.
…Разам са старым, у сіняй бархатнай вокладцы альбомам з фотаздымкамі – шкатулка з татавымі баявымі ўзнагародамі, запіснымі кніжкамі, паштоўкамі. Такі вось маленькі сямейны музей. Па медалях можна прасачыць франтавы шлях салдата Пятра Бычкова: не толькі на роднай зямлі знішчаў ён фашыстаў, ваяваў на тэрыторыі Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі… Статны высокі мужчына з шыкоўнай шавялюрай, са шрамам ля вуснаў, з вельмі добрай усмешкай. Памятаю, як хваляваўся, калі ў Жарабковічах (больш як паўтара дзесяцігоддзя, з 1951 па жнівень 1967 ён быў старшынёй калгаса імя Сталіна, пазней перайменаванага ў “Беларусь”, які пры ім аб’яднаўся з маленькіх гаспадарак у адну буйную) адкрывалі помнік на магіле расстраляным фашыстамі вясковых актывістаў. Памятаю 9 мая апошняга года яго жыцця, калі тата стаяў на плошчы Перамогі ў Ляхавічах і на вачах блішчалі слёзы. А дзень быў сонечным-сонечным, і неба сляпіла блакітам, і гаркавата салодкі пах бэзу, бы кропелька парфумы з мамінай святочнай сукенкі. І мы з братам не можам зразумець, чаму мама моцна трымае нас за рукі і ціхенька шэпча: пастойце са мной, няхай тата пабудзе адзін…
Ён вярнуўся з вайны дваццаціпяцігадовым. Пра многае сёння спытала б у яго, пра многае б даведалася. Але не давялося. Штосьці засталося з дзіцячых успамінаў, штосьці з маміных расказаў. Толькі на галоўнае пытанне не наканавана пачуць адказ: як жа табе, дарагі мой салдацік, у твае такія юныя гады было з дня ў дзень сутыкацца са смерцю, ісці пад кулі, выстаяць і перамагчы? Не магу ўявіць і тую ягоную паездку, што ніколі не адбудзецца, у горад на Волзе, каб пакланіцца месцу, дзе пахаваны мой дзед франтавік Панкрат Бычкоў: яго прозвішча выбіта на мемарыяльнай пліце Мамаева кургана…
Мой жа тата і пасля вайны быў на перадавой. Дваццацітысячнікам з пасады загадчыка сельгасаддзела райкама партыі пайшоў у калгас, будаваў, аднаўляў разбуранае, садзіў сады і хлеб, клапаціўся пра людзей, якія яму верылі і давяралі, “дабраўся” з калгаснымі дасягненнямі да ВДНГ СССР.
Завочна вучыўся і за паўгода да смерці атрымаў дыплом вучонага агранома. Курыў “беламор” і на нагах пераходжваў усе хваробы: то пасяўная, то жніво, то яшчур на фермах у суседнім раёне, то сесія ў інстытуце, то праверкі… Калі сёння праязджаю праз Жарабковічы, сэрца сціскаецца: Дом культуры і школа ўзведзены пры ім, і кантора гаспадаркі, праўда, не давялося тату ў новым будынку абжыцца. Некалькі месяцаў – і яго, саракашасцігадовага, не стала. А я не стамляюся паўтараць: мілы татачка, дзякуй табе за жыццё… І дарагім сэрцу імем бацькі назвала свайго сына.
Тое пакаленне было асаблівай загартоўкі, і дабрыні, і вынослівасці, і цярпення, і, канешне, перакананасці. Мае равеснікі-землякі памятаюць Якава Мясішчава, вельмі сціплага чалавека і адчайнага ў мінулым франтавіка, партызана. Бы ваенная энцыклапедыя, ён пад настрой мог расказваць бясконца пра эпапею вызвалення. А ліхі камандзір Васілій Каравы і яго жонка партызанскі ваенфельчар Алена Пацкевіч – хто не ведаў прыгожую гісторыю іх кахання і гераічную быліну часоў Вялікай Айчыннай… Дарэчы, Алена Пацкевіч ахвотна ўспамінала эпізоды партызанскага жыцця, звязаныя і з распаўсюджваннем на акупіраванай тэрыторыі газеты падпольнага райкама КПБ(б) “Совецкі патрыёт”. Такая вось сямейная пара жыла ў нашым раёне. Вельмі хочацца, каб памяталі гэтых людзей, і каб памяць была ўдзячнай і светлай.
Усё, што датычыць раёнкі, па-асабліваму дарагое. Пасля вызвалення Ляхавіччыны ад акупантаў, рэдагаваць газету быў прызначаны Аляксандр Астапаў, якому давялося і на фронце ваяваць, і ў партызанскім атрадзе. Сціплы чалавек, бацька трох дачок, ён не дажыў да глыбокай старасці – падвяло сэрца. Ды і як гэтаму сэрцу было не балець, калі столькі зарубак пакінула ў ім мінулая вайна… Сённяшняя раённая газета і назву памяняла, і аб’ём, і дызайн, але як і пры нараджэнні, і потым – пры Астапаве – яна была і застаецца патрыётам.
Дарэчы, даўно пайшоў з жыцця і яшчэ адзін наш калега – Ісаак Бярковіч. У ягонай біяграфіі вайна пакінула незагойную рану: загінула сям’я ад рук фашыстаў. Партызаніў і дачакаўся перамогі, і здолеў працягваць жыць. Шмат гадоў працаваў карэспандэнтам раёнкі. Добразычлівы і дружалюбны, справядлівы і ўраўнаважаны, Ісаак Зелікавіч успамінаў партызанскае жыццё – сваё выратаванне і выпрабаванне, бы ўчора яно было.
Аднойчы былыя партызаны ездзілі на месца, дзе ў час вайны дыслакаваўся іх атрад, — у Машукоўскі лес. Суправаджала іх і рыхтавала для газеты рэпартаж я. Колькі ж успамінаў наслухалася, колькі эмоцый паспытала – не перадаць словамі. Спыняліся ля некалькіх хат у вёсачцы непадалёк лесу — з дзвярэй выходзілі гаспадары, углядаліся ў твары нечаканых гасцей і пачыналіся радасныя ўскрыкі: мае даражэнькія, заходзьце, калі ласка, радасць якая!… Аказваецца, былыя партызаны завіталі да сваіх былых сувязных. Як сёння памятаю расчуленыя твары Міхаіла Некрашэвіча, Мікалая Жукава, многіх іншых з той імправізаванай экспедыцыі ў ваенную маладосць.
Пастаялі мы і ля зямлянкі, дзе падпольную газету друкавалі, і ля камандзірскай, дзе сакратар падпольнага райкама КПБ(б) Сцяпан Дзесюкевіч і адпачываў, і планы аперацый распрацоўваў з памочнікамі.
Дзень быў сонечны, але векапомны лес праз густыя кроны не прапускаў занадта многа промняў — ахоўваў, здавалася, саму гісторыю, яшчэ не занатаваную цалкам у падручніках і хроніках.
Не аднойчы даводзілася сустракацца са сваімі землякамі-ветэранамі Вялікай Айчыннай, якія былі калегамі майго бацькі, — старшынямі калгасаў Адамам Кумейшам, Мікалаем Стэцко, Міхаілам Васілевічам. А легенда нашага раёна – былы дырэктар саўгаса-тэхнікума франтавічка Кацярына Інтарынава — і наогул, бы родны чалавек: і газетай заўсёды цікавілася, і на чай запрашала, і пра тату майго з вялікай павагай гаварыла. А я, ужо дарослая, заўсёды пры стасунках з ёю думала, з якога ж яна “цеста”, як здолела, як змагла прайсці пякельныя ваенныя выпрабаванні і не згубіць-не страціць жаноцкасць, чалавечнасць, душэўнасць. Памятаю, Кацярына Кузьмінічна не працавала ўжо, але жыла яшчэ ў Ляхавічах. Калі аднойчы ў раёнцы з’явілася аб’ява “купім валасы”, яна абураная патэлефанавала: Оля, як жа гэта, нельга такія аб’явы ставіць, асацыяцыі ад іх канцлагерныя. Светлая вам памяць, Кацярына Інтарынава — мужны і прыгожы чалавек…
А яшчэ ў рэдакцыю часта заходзіў палкоўнік у адстаўцы Іван Шаціла, які гаварыў па-ваеннаму лаканічна: ваявалі, верылі ў перамогу, таму і перамаглі. Гэта ж логіка была ўласціва і поўнаму кавалеру ордэна Славы Аляксандру Малевічу, жыў у Ліпску. Апошні раз у яго дома мне давялося пабываць напрыканцы 80-х. Як сёння перад вачыма: рухавы, упэўнены ў сабе чалавек арэ зямлю на ўласным кані. Нешматслоўны, але, відаць, прыезд да яго і настроенасць на ўспаміны супалі. І ад самога героя пачула, як пайшлі партызаніць ягоныя бацька і старэйшы брат, як у гестапа забіралі маці і сястру з братам, як потым рушылі ў атрад і што было ў сэрцы, калі ўбачылі праз нейкі час на месцы сваёй сядзібы папялішча. А потым пачаліся франтавыя дарогі праз Польшчу, Германію, і па іх наш зямляк “дайшоў” да трох ордэнаў Славы. За кожным – подзвіг і рызыка жыццём, раненні і кантузія. Ён вярнуўся дадому і працаваў лесніком яшчэ шмат гадоў. Мне пашчасціла ведаць Аляксандра Малевіча асабіста.
Як не ўспомніць Пятра Логінава — бацьку майго аднакласніка, паважаных і сціплых Нікадзіма Юрлевіча, Ягора Ганчарэнку, Трафіма Саланенку, Барыса Казлова, на святочных пінжаках якіх ззялі ваенныя ўзнагароды… Як не ўзгадаць пра знакамітага Барыса Чубрыка, каму ў мірны час было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна г. Ляхавічы, і франтавіка Івана Бярэзіна, які ў пяцідзясятых- пачатку шасцідзясятых мінулага стагоддзя стаяў на чале райаддзела міліцыі.
Яны і многія-многія іншыя землякі-ўдзельнікі Вялікай Айчыннай былі суаўтарамі Перамогі. На вайне пра подзвігі і ўзнагароды не думалі – ваявалі, каб адолець ворага. Каб мір для сябе і для нашчадкаў вярнуць. Вярнулі. Гэта самае галоўнае – мір і жыццё пад мірным небам, і будучыня, і трываласць. У пакалення пераможцаў падрастаюць праўнукі і прапраўнукі. З пакалення пераможцаў у жывых засталося няшмат. На вялікі жаль, час ні запаволіць, ні спыніць нельга. Але памяць можа і павінна быць бясконцай і ў часе, і ў прасторы. Веру і верую: колькі б дзесяцігоддзяў ні мінула, святло зоркі Перамогі будзе яркім і чыстым, як жыцці і памкненні тых, хто гэтую зорку запаліў.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота з сямейнага архіва.