Дзякуй ветэранам!
Няма сям’і ў Беларусі, якую б не апаліла полымя Вялікай Айчыннай вайны. Памяць пра тых, хто адстаяў нашу свабоду і незалежнасць, жыве і будзе жыць вечна. Яна, як іскры Вечнага агню, палае ў сэрцах мільёнаў людзей у знак глыбокай павагі да подзвігу прадзедаў, дзядоў, бацькоў. Ляхавіцкая зямля таксама беражліва захоўвае памяць пра герояў Вялікай Айчыннай: устаноўлены дзясяткі абеліскаў, помнікаў, дзейнічаюць музеі, экспазіцыі і пакоі баявой славы…
Дзякуючы кінастужкам, кнігам, пажоўклым старонкам газет часоў вайны (як тут не ўспомніць невялікія аркушы такога чаканага “Совецкага патрыёта!”) і, безумоўна, самім ветэранам, наша моладзь ведае, каму абавязана шчасцем мірнага жыцця.
Салдатаў перамогі з кожным годам усё менш. На Ляхавіччыне зараз жыве 43 удзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, работнікі тылу і ўчасткаў прыфрантавах чыгуначных дарог, 37 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў.
У Беларусі клопат пра ветэранаў вайны – справа дзяржаўнай важнасці. Сёлета Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў сувязі са святкаваннем 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашысцкіх канцлагераў, членам сем’яў ваеннаслужачых, партызан, падпольшчыкаў, загінуўшых у гады вайны, работнікам тылу. Рашэннем Ляхавіцкага райвыканкама ўсе ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны таксама дадаткова атрымаюць матэрыяльную дапамогу ў памеры 5 базавых велічынь.
З года ў год у раёне спецыяльна створаныя камісіі знаёмяцца з умовамі жыцця ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, каб пры неабходнасці аказаць ім дапамогу ў вырашэнні ўзнікшых праблем. Для гэтага прыцягваюцца сродкі не толькі мясцовага бюджэту. Дапамагаюць і прадпрыемствы, установы, арганізацыі раёна.
На высокім узроўні пастаўлена работа па патрыятычным выхаванні. Напрыклад, традыцыйнымі і запатрабаванымі сярод моладзі і школьнікаў сталі ўрокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, экскурсіі па месцах баявой славы. Цімураўцы, валанцёры не толькі напярэдадні святаў – пастаянна ахопліваюць гэтых шаноўных і паважаных людзей клопатам, дапамагаюць у хатніх справах і проста прыходзяць пагаварыць, паслухаць успаміны, падбадзёрыць і стварыць добры настрой.
Напрыканцы красавіка на Брэстчыне стартавала акцыя “Дзякуй ветэранам!”, прымеркаваная да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Падчас яе ў магазінах, аб’ектах бытавога абслугоўвання як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці даюцца скідкі (ад 5 да 20 працэнтаў ад рознічнага кошту на рэалізуемыя харчовыя і прамысловыя тавары) пры прад’яўленні пасведчання ўдзельніка вайны, а таксама ўручаюцца дысконтныя карткі з 3-6-працэнтнай скідкай. Як расказала начальнік аддзела арганізацыі гандлю райпо Святлана Ракуць, рашэннем праўлення Ляхавіцкага райпо з 1 па 11 мая і з 30 чэрвеня па 6 ліпеня ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і былыя вязні фашысцкіх канцлагераў змогуць купіць харчовыя і прамысловыя тавары з 10-працэнтнай скідкай у гарадскіх і сельскіх магазінах райпо.
Падчас правядзення святочных мерапрыемстваў арганізацыі бытавога абслугоўвання (РКБА, цырульні, хімчысткі, пральні) плануюць прадастаўленне скідак для ветэранаў на асобныя віды паслуг. Напрыклад, у цырульні КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» 7-9 мая скідка для ветэранаў складзе 20 працэнтаў.
Як расказаў начальнік раённага вузла электрычнай сувязі Анатолій Лукашэвіч, з 1 па 5 ліпеня ўсе ўдзельнікі Айчыннай вайны абаненты Белтэлекама змогуць бясплатна карыстацца міжгародняй тэлефоннай сувяззю ў межах Беларусі. ПСУП “Аўтацэнтр “Вікторыя” на працягу года праводзіць бясплатны тэхагляд транспартных сродкаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Матэрыяльная дапамога — важная частка агульнадзяржаўнага клопату. Але не менш важная штодзённая ўвага да салдат Перамогі, удзельнікаў і сведкаў тых падзей. І калі кожны з нас проста павіншуе знаёмага ці незнаёмага ветэрана са святам, пажадаўшы здароўя і шчасця, гэта таксама будзе падарункам ад шчырага сэрца.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва.