Духоўныя ідэалы. У Ляхавічах пачала работу рэспубліканская дзяржаўна-царкоўная духоўна-асветніцкая праграма “Сям’я – Яднанне – Айчына”
Сёння ў райцэнтры пачала работу рэспубліканская дзяржаўна-царкоўная духоўна-асветніцкая праграма “Сям’я – Яднанне – Айчына”. Яна ўключае ў сябе шэраг падзей розных накірункаў. Ляхавічане маюць магчымасць наведаць праваслаўную выставу-кірмаш “Радасць слова”, прыняць удзел у літургіі, падзячным малебне, хрэсным ходзе, пабываць на праваслаўных лекторыях, аўтарскіх прэзентацыях кніг, семінарах, спектаклях для розных аўдыторый слухачоў, сустрэцца са свяшчэннікамі.
Падчас урачыстага закрыцця праграмы, якое пройдзе 18 мая, у гарадскім Доме культуры адбудзецца канцэрт мужчынскага вакальнага ансамбля “Благавест”.
Кнігі, сабраныя падчас дабрачыннай акцыі “Падары кнігу дзецям”, будуць перададзены цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Наогул, гэтыя дні для праваслаўных вернікаў адметныя. Жыхары і госці Баранавічаў 10 мая сустракалі каўчэг з часціцай мошчаў святой Матроны Маскоўскай. Да храма Святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца, які будуецца ў Паўночным мікрараёне, бясконцым патокам ідуць людзі, каб пакланіцца святыні. Блажэнная старыца Матрона Маскоўская (у свеце Матрона Дзімітрыеўна Ніканава) ў праваслаўных адна з найбольш шаноўных святых. Да яе звяртаюцца з просьбай аб вылячэнні ад цяжкіх хвароб, захаванні сям’і і выхаванні дзяцей. Матронушка лічыцца заступніцай цяжарных жанчын і дзяцей. Каўчэг з часціцай мошчаў будзе знаходзіцца ў Баранавічах да 17 мая.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.