У плюшчэнні – рацыянальнасць зерня


Раённы сельскагаспадарчы комплекс «уцягваецца» ў жніво. Паступова, па меры паспявання асобных участкаў пэўных сельгаскультур, з аглядкай на прыродна-кліматычныя рэаліі і ў цесным да іх прыстасаванні. Не інакш, паколькі анамальныя «пад», а то і «за» 30 па Цэльсію перамяжоўваюцца нярэдка з дожджыкам. Калі адной думкай, уборачная каляіна пакуль яшчэ не набыла ўсёй сваёй глыбіні і накатанай выразнасці. Рух, аднак, ёсць. Заметны, адпаведна, і зрухі.
За адзінкавымі, на момант напісання гэтых радкоў, выключэннямі ўборачны канвеер запрацаваў ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна. Дарэчы, каля паловы з запланаваных у якасці насеннікаў траў плошчаў гаспадаркамі ўжо абмалочана. СВК «Востраў-Агра» у гэтым кантэксце патрэбна ўзгадаць, «Ліпнянку», «Тальмінавічы», «Дарава».
Паліліся патокі і насення азімага рапсу. Яшчэ летась у характарыстыцы названай тэхнічнай культуры вызначэнне «азімы» не патрабавалася: іншы не практыкаваўся. У адрозненне ад сельгассезона-2010, калі на значных пасяўных плошчах азімаму рапсу не хапіла ўстойлівасці, каб бясшкодна перажыць сёлетні марозны экстрым. Нічога не заставалася, як перасяваць: яго найбольш цеплалюбівым яравым «братам», уборачная чарга якому яшчэ не настала. З наяўных на палях раёна амаль 1800 азімарапсавых гектараў убрана значная ўжо іх колькасць. ААТ «Ляхавіцкі райаграсервіс», па стану на чацвер, ужо ўвогуле, дастаткова наблізілася да сваіх фінішных 130 гектараў. Паслядоўныя па дыстанцыі таксама СВК «Востраў-Агра», «Ліпнянка», «Шлях новы», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Прычым «Шлях…» з’яўляецца пакуль лідэрам ура-джайнасці, а названае апошнім акцыянернае таварыства, апроч таго, зусім не сціпла адзначылася ў церабленні льну. Яго там тысяча гектараў — роўна палова агульнараённага.

Важнейшым, усё ж, звяном уборачнага ланцуга з’яўляецца малацьба культур зерневай групы. Старт у гэтым накірунку ўзялі, у прыватнасці, ААТ «Ляхавіцкі райаграсервіс», тыя ж «Шлях новы» і «Востраў-Агра», а таксама СВК «Тальмінавічы», на ўборачным палетку якога атрымалася пабываць зусім нядаўнім часам.
Быў запаўдзень, стаяла парная з абяцаннем хуткага даж- джу спякота. А вось вецер «кандыцыяніраваў» нерэгулярна, ад таго і гарачыня працоўнага напружання на палетку азімага трыцікале памнажалася. Само ж намалочанае ў гэтых умовах зерне прызначана памножыць і разнастаіць фуражны запас гаспадаркі. «Сабранае трыцікале дастаўляем на плюшчылку. Пасля закладваем на захоўванне, выкарыстоўваючы пры гэтым кансервант. Для адной траншэі — біякансервант, другую закансервуем з дапамогай хімрэагента. Пасля параўнаем. Увогуле ж, маем намер наплюшчыць сёлета паўтары сотні тон зерня», — абазначыў першачарговую задачу галоўны аграном СВК «Тальмінавічы» Мікалай Герасімовіч.
Да таго ўсё і ішло, дададзім: на дзень нашага наведвання кааператыў такім спосабам нарыхтаваў ужо каля паловы вызначаных аб’ёмаў. А работы працягваліся, і пасля невялікага, выкліканага прычынамі тэхнічнага характару, перапынку працягнуліся ў падвоеным варыянце. У сэнсе, што да шчыруючага на ніве КЗС-10 меўся далучыцца яшчэ такі ж агрэгат.

Калі ж увогуле да тэмы тэхнічнага — камбайнавага, найперш — забеспячэння жніва, «Тальмінавічы» володаюць 4 зернеўборшчыкамі КЗС-10 і адным маркі «Бізон». Вельмі нягуста ў святле таго, што ўборачныя плошчы складаюць 1470 гектараў зерневых і зернебабовых плюс 290 гектараў рапсу. Атрымліваецца, што на кожны камбайн прыхо-дзіцца нават крыху больш за 350 гектараў сезоннай нагрузкі. Для параўнання: аналагічны сярэднераённы індэкс знаходзіцца у межах 280 гектараў, што, між іншым, таксама значна больш аптымальнай лічбы.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *