Приходят на приём — значит, доверяют
Галоўнае, разумець, чым ты можаш рэальна дапамагчы людзям. Працаваць дзеля людзей, дапамагаць ім па меры сваіх магчымасцей – такой я ўяўляю работу парламентарыя, — сказаў у размове з карэспандэнтам “ЛВ” дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 Мікалай Язубец.
Вось ужо паўтара года Мікалай Язубец, як і яго калегі, займаецца не толькі заканатворчай дзейнасцю ў парламенце, але і пастаянна сустракаецца з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах, праводзіць прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Гараджане і вяскоўцы звяртаюцца да дэпутата з самымі разнастайнымі праблемамі, пытаннямі, просьбамі. Добраўпарадкаванне вуліц, газіфікацыя, бягучы і капітальны рамонт дамоў, будаўніцтва культурна-аздараўленчага комплексу, рух грамадскага транспарту — гэтыя і многія іншыя пытанні патрабуюць дасканалага і ўважлівага вывучэння і, пры неабходнасці, прыняцця мер згодна літары закона. Ні адзін са зваротаў не застаецца без разгляду. Нямала праблем вырашаецца.
Так, пенсіянерка з Зубелевіч звярнулася за дапамогай у рамонце даху свайго драўлянага дома. Усе запланаваныя рамонтныя работы па просьбе дэпутата выканаў СВК “Шлях новы”, таксама гаспадыня атрымала сацыяльную дапамогу з раённага бюджэту. А жыхар вёскі Патапавічы быў пастаўлены ў чаргу на пратэзіраванне сустава. Сіламі камунгаса вырашана праблема добраўпарадкавання асобных участкаў вуліц Арлоўскага і Інтэрнацыянальнай. Вось і падчас апошняга прыёму грамадзян, які адбыўся на мінулым тыдні, за дапамогай да Мікалая Язубца звярнуліся жыхары вуліцы Камсамольскай райцэнтра. Іх хвалюе пытанне газіфікацыі вуліцы.
Адзін з пунктаў перадвыбарнай праграмы Мікалая Язубца называўся “Сіла нацыі – у здароўі чалавека”. На сустрэчы з супрацоўнікамі Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы тады яшчэ кандыдат на месца ў парламенце адзначыў: “Мне неабыякавы стан спраў у медыцыне. Бо здароўе чалавека — аснова асноў. Але, каб дапамагаць іншым, неабходна, каб медыцына і сама была здаровай”. І сёння народны абраннік адной з першачарговых задач лічыць стварэнне ў Ляхавічах неабходных умоў для паўнацэннага сучаснага медабследавання і лячэння. Дзяржава робіць для гэтага нямала. Напрыканцы студзеня пасля рэканструкцыі з мадэрнізацыяй адкрылася ляхавіцкая паліклініка. На чарзе не толькі вырашэнне актуальнейшай задачы – забяспечанасці ўстаноў аховы здароўя ўрачэбнымі кадрамі, але і прыняцце разнастайных мер, накіраваных на падтрыманне ў насельніцтва здаровага ладу жыцця. Таму што і самі людзі павінны клапаціцца пра сваё здароўе, адмовіцца ад шкодных звычак, займацца спортам, не забываць пра прафілактычныя агляды.
Дарэчы, на кантролі дэпутата і ўдасканаленне раскладу руху гарадскога аўтобуса ў накірунку паліклінікі.
Яшчэ адзін важны накірунак работы парламентарыя – заканатворчасць. Мікалай Мяфодзьевіч уваходзіць у склад пастаяннай камісіі па аграрных пытаннях Палаты прадстаўнікоў і камісіі па аграрных пытаннях і пытаннях экалогіі міжпарламенцкай асамблеі краін СНД. Менавіта ён суправаджаў законапраект аб племянной справе ў жывёлагадоўлі.
Наш дэпутат прымае актыўны ўдзел і ў распрацоўцы іншых законапраектаў.
– Цікавай і надзвычай насычанай была работа па прыняцці законаў “Аб бюджэце” і “Аб ахове здароўя”. Непасрэдна перад гэтай паездкай у акругу распрацоўвалі новаўвядзенні ў закон аб адказнасці за несвоечасовую выплату заработнай платы, — адзначыў парламентарый.
Мікалай Якубец узгадаў і сёлетняе Пасланне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, адзначыўшы, што ўсе закранутыя ў ім аспекты – надзвычай актуальныя і важныя для далейшага развіцця краіны як у эканамічным, так і сацыяльным накірунку:
– Наш Прэзідэнт дасканала вывучае кожнае пытанне. Актуальнейшыя пытанні барацьбы з карупцыяй, насычэння ўнутранага рынку айчыннымі таварамі і паслугамі патрабуюць неадкладнага вырашэння. Гэта своеасаблівы расклад работы для парламентарыяў, міністраў, кіраўнікоў розных узроўняў і кожнага грамадзяніна на сёння, заўтра і бліжэйшую будучыню.
Кола дзейнасці народнага абранніка надзвычай шырокае і патрабуе шмат часу і сіл. Але ўсё ж, як прызнаецца Мікалай Язубец, паспявае знайсці магчымасць, каб пасачыць за спартыўнымі баталіямі. Гэта датычыцца і нядаўніх зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы, дзе разам з іншымі балеў за нашых алімпійцаў. Спадзяецца пабываць хоць на адной гульні на Чэмпіянаце свету па хакеі, які зараз праходзіць у Мінску.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.