Усе турысты ў госці да нас, у Ляхавіцкі раён
У чацвер, бліжэй да паловы дня, лясны масіў непадалёку ад вёскі Лабузы стаў поўніцца гукамі. Чым далей, тым больш і весялей. А роўна ў 15 гадзін быў дадзены старт абласному комплекснаму турыстычнаму злёту навучэнцаў устаноў адукацыі.
Збор мае даўнюю традыцыю, праходзіць рэгулярна, але на тэрыторыі нашага раёна ён стаў першым за апошнія 15 ці больш гадоў. Паспаборнічаць у майстэрстве валодання турысцкімі тэхнікамі, тэматычнымі ведамі, шматлікімі ўменнямі прыехалі 19 каманд — прадстаўнікоў усіх раёнаў вобласці і гарадоў Брэста, Пінска і Баранавіч. Дарэчы будзе адзначыць, што менавіта баранавіцкія школьнікі былі лепшымі на леташнім падобным зборы. Ці атрымаецца ў іх не здаць пазіцыю і сёлета, стане вядома заўтра, калі пройдуць апошнія выпрабаванні і будуць падведзены канчатковыя вынікі. Гаспадароў на злёце прадстаўляе зборная каманда лепшых. Па выніках унутрыраённага адбору такое права атрымалі дзесяць старшакласнікаў з Дараўскай, Конькаўскай і Крывошынскай школ.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.