А на дэсерт — «машына хуткай». У Ляхавічах выбіралі «Лепшую медыцынскую сястру»

У сваіх намінацыях лепшымі сталі фельчар хуткай дапамогі Віктар Коктыш, медсёстры хірургічнага і тэрапеўтычнага аддзяленняў райбальніцы Святлана Малевіч і Наталля Лешык.

Раённы конкурс “Лепшая медыцынская сястра” па традыцыі збірае самых адказных, актыўных, перспектыўных, таленавітых прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Сёлета ў спаборніцтве ўдзельнічалі 19 работнікаў паліклінікі, усіх аддзяленняў райбальніцы, урачэбных амбулаторый.

Як расказала галоўная медсястра Ляхавіцкай ЦРБ Ала Туркіна, канкурсанты спаборнічалі ў трох іспытах. У першым – “візітоўцы” — расказвалі не толькі пра сябе, але і пра аддзяленні, у якіх працуюць. Найбольш прэзентабельна гэта адбылося ў Наталлі Лешык (тэрапеўтычнае аддзяленне). У тройку прызёраў таксама ўвайшлі Таццяна Міклашэвіч (інфекцыйнае аддзяленне) і Святлана Цуркан (медсястра кабінета оталарынголага).

У практычнай частцы конкурсу медсёстры і фельчары паказалі веданне правілаў санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму і аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі ў крытычных сітуацыях. Роўных тут не было Святлане Малевіч (хірургічнае аддзяленне). Крыху адсталі ад лідара, але паказалі добрыя вынікі Наталля Траяноўская (аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі) і Таццяна Масло (Дараўскі сельскі ўрачэбны ўчастак).

Сапраўдны ажыятаж і ў журы, і ў балельшчыкаў выклікаў конкурс дамашняга задання. Удзельнікі прадставілі на суд журы выпечку, гарачыя і халодныя стравы, дэсерты. Вочы разбягаліся і апетыт разгуляўся не на жарт. Пераможцам кулінарнага спаборніцтва стаў мужчына – фельчар аддзялення хуткай дапамогі Віктар Коктыш пакарыў усіх пірагом у выглядзе машыны хуткай дапамогі. У лік прызёраў трапілі прысмакі, прыгатаваныя Кацярынай Капыловай (Крывошынская ўчастковая бальніца) і Марынай Шпак (фізіятэрапеўтычнае аддзяленне).

Пераможцы і прызёры атрымалі грашовыя прэміі і падарункі ад адміністрацыі райбальніцы.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *