Працяг абяцае быць плённым. Сувязі паміж Ляхавічамі і польскімі Лэнчыцамі ўмацоўваюцца
Ляхавіцкі раён і Лэнчыцкі павет не проста адміністрацыйныя адзінкі Беларусі і Польшчы, а партнёры. У снежні мінулага года ў нашым райцэнтры была падпісана дамоўленасць аб двухбаковым супрацоўніцтве паміж імі. З 10 па 12 мая дэлегацыя Ляхавіцкага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Вячаславам Сельмановічам з рабочым візітам наведала Лэнчыцкі павет Люблінскага ваяводства. У склад дэлегацыі ўвайшлі дырэктар СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Вячаслаў Жукоўскі, намеснік старшыні СВК “Ляхавіцкі” Іван Вітко, дырэктар Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Алена Абарава, выкладчыкі гэтай навучальнай установы. Культурнае суправаджэнне і прэзентацыя нашай мастацкай самадзейнасці былі давераны народнай эстраднай студыі “Экспрэс”.
Праграма візіту была надзвычай насычанай і разнастайнай. Як расказала намеснік дырэктара ЛДАКа па вучэбнай рабоце Ірына Прыступа-Юнік, якая была ў складзе дэлегацыі ў тым ліку і ў якасці перакладчыка, спачатку ляхавічане прынялі ўдзел у святкаванні Дня сталага чалавека, што праводзілася ў школе гміны Цыцув. З цікавасцю нашы землякі пабывалі ў школьных музеях народных традыцый і народнай памяці, другой па велічыні ў краіне каменнавугальнай шахце Багданка.
На сустрэчы з кіраўніцтвам адміністрацыі, дырэкцыяй саюза сельскагаспадарчых школ у Кіянах (менавіта дзякуючы ім сёлета там пабывалі на практыцы навучэнцы ЛДАКа і пакінулі пасля сябе толькі прыемныя водгукі) былі абмеркаваны праекты і тэмы далейшага эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва.
Дэлегацыя Ляхавіцкага раёна пабывала ў Любліне, на самай што ні на ёсць сапраўднай маёўцы і вялікім культурным фэсце. Менавіта там узнікла ідэя правесці нешта падобнае і ў нашай Грушаўцы. Таксама ў праграме — наведванне гадавальніка дэкаратыўных раслін, бальніцы, а, дакладней, Усходнееўрапейскага апёкавага цэнтра ў Лэнчнай.
Было што паглядзець і на малочным заводзе ў Красныставе. Напрыклад, жэлепадобная маса, якая атрымліваецца ў выніку ачышчэння, — цудоўнае ўгнаенне і карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю ў мясцовых фермераў. Плануецца, што ў хуткім часе гэта прадпрыемства наведаюць спецыялісты ляхавіцкіх малочнага завода і камунгаса з мэтай пераймання вопыту.
Нельга не ўзгадаць яшчэ адзін аспект – культурны. Паспяхова на розных сцэнічных пляцоўках выступала студыя “Экспрэс”.
Пачатак супрацоўніцтва пакладзены як у эканоміцы, так і ў адукацыі, культуры. Працяг абяцае быць плённым.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.