Штаны не па размеру


Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука падаспела на мехдвор СВК “Жарабковічы” перад ранішнім нарадам. “Удасканаленне работы мясцовых Саветаў з насельніцтвам” — такая тэма адзінага дня інфармавання. І яна ўзята не выпадкова, бо сёння мясцовыя Саветы – той падмурак, на якім трымаецца дзяржаўная ўлада, а асноўная задача органаў мясцовага самакіравання – імкненне дапамагчы людзям. У прыватнасці, менавіта гэтым і кіраваліся заканадаўцы пры распрацоўцы і прыняцці новага Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, які ўступіў у сілу 4 студзеня 2010 года. Як глыбей унікнуць у сутнасць праблем і пажаданняў людзей, каб убачыць сітуацыю іх вачамі, як знайсці правільныя шляхі-дарогі для вырашэння многіх пытанняў, гаварыў у сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Міхаіл Дыдышка.
У святле гэтага закона і ішла далейшая размова. Пытанні, якія задавалі механізатары, шафёры, спецыялісты былі самага рознага кшталту. Некаторыя, магчыма, не такія ўжо і важныя для вытворчасці, аднак для асобна ўзятых людзей маюць значэнне. Напрыклад, падрыхтоўка кацельні да ацяпляльнага сезона. Летась у многіх кватэрах было холадна. Што будзе сёлета? Часта ”рвецца” цеплатраса, псуецца водаправод, не ў парадку каналізацыя. Праблематычным аказалася знайсці добрасумленных работнікаў, якія б на перыяд ацяпляльнага сезона маглі забяспечыць надзейную работу чатырох катлоў, што працуюць на мясцовых відах паліва. Усё гэта кладзецца на плечы КУМВП ЖКГ ”Ляхавіцкая ЖКГ”, на балансе якой знаходзіцца аб’ект. А яшчэ станцыя абезжалезвання вады, пабудаваная некалькі год назад, не працуе з-за адсутнасці вежы… Наогул жа, як зазначылі механізатары, самы лепшы варыянт – гэта працягнуць у аграгарадок Жарабковіцкі прыродны газ. Дарэчы, яго галіна праходзіць літаральна у 4-х кіламетрах ад населенага пункта.
Дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзведскі адказваючы на пытанні людзей, пазнаёміў іх з раскладам работ да канца года: многія пытанні плануецца вырашыць.
Падумалася: няўжо ў гэтай сітуацыі сельгаскааператыў, сельсавет павінны прытрымлівацца пазіцыі старонніх назіральнікаў? Дапамагчы зашкліць вокны, вырашыць арганізацыйна-кадравае пытанне – для сябе ж, не для каго!
Вельмі клапоцяцца працаўнікі сельгаскааператыва пра сваю будучыню. Пётр Блашэнка разважаў і задаваў пытанні: чаму былы калгас “Беларусь”, які заўсёды быў на вышыні, сёння застаўся без асфальтаваных вуліц, добраўпарадкаванага мехдвара, без сучаснай малочнатаварнай фермы? Затое амаль горад пабудавалі ў СВК ”Шлях новы”, ”Ляхавіцкім”, якія некалі па многіх паказчыках адста-валі. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, якому адрасаваў сваё пытанне-разважанне механізатар, у лічбах і фактах расказаў прысутным, наколькі важна сёння ўкараняць у вытворчасць новыя тэхналогіі, прагрэсіўныя метады гаспадарання. Сельгаскааператыву для стабілізацыі спраў у жывёлагадоўлі і для далейшага яе развіцця, як паветра, патрэбна новая ферма. Гэтае пытанне ўжо некалькі гадоў ставіцца перад старшынёй СВК “Жарабковічы” Віталіем Бусько, але безвынікова: ён катэгарычна адмаўляецца, маўляў, няма сродкаў, і “падстрахоўваецца” загатаваным рашэннем праўлення гаспадаркі, якое яшчэ прадубліравана рашэннем агульнага сходу працаўнікоў сельгаскааператыва. Дарэчы, на аднаўленне і будаўніцтва новых сучасных МТФ дзяржава выдае льготныя крэдыты пад 3 працэнты гадавых на 8 год, прычым, першы плацёж уносіцца праз год пасля ўводу аб’екта ў дзеянне. Такую магчымасць не ўпускаюць у Кобрынскім раёне, дзе ўзводзяць адразу 8 фермаў, у Іванаўскім – 9, а на Пружаншчыне будуюць 18 МТФ! Віталій Бусько прытрымліваецца кансерватыўных пазіцый, а тым часам драўляная Гуліцкая МТФ хутка будзе прэтэндаваць на занясенне ў Кнігу рэкордаў Гінэса, як ”рарытэт”.
Магчыма, ёсць узаемаразуменне сельсавета і СВК у плане добраўпарадкавання вёсак? Трывала адсутнічае. Ужо колькі гадоў узнімаецца пытанне аб навядзенні парадку на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі. Планавалася, што плошча ўпрыгожыць аграгарадок, абапал якой — дабротныя катэджы для працаўнікоў. Аднак і сёння на тым месцы пасля дажджу плаваюць у лужах гусі. Неўпарадкаванае дарожнае пакрыццё, зарастаюць бур’яном нічыйныя сядзібы. Падчас размовы ўздымалася пытанне добраўпарадкавання могілак. Старшыня гаспадаркі ўголас заяўвіў, што трэба клапаціцца пра жывых, а не пра мёртвых… Такой павінна быць памяць з пункту гледжання Бусько.
Дарэчы, яго ідэалагічная пазіцыя яскрава праявілася і ў адно-сінах да раённай газеты пасля публікацыі ў адным з нумароў матэрыялу аб выніках праверкі абласнога Камітэта дзяржкантролю. Дасланы матэрыял называўся “Не ўсё так добра ў “базавых” “Жарабковічах” і закрануў старшыню, як кажуць, “за жывое”. Ён зачытваў юрыдычныя дакументы, якія апраўдвалі яго дзеянні, а газету ганьбаваў за гэту публікацыю.Такія дакументы, на яго думку, патрэбна захоўваць у сакрэце… Ну, ці не князь у сваёй вотчыне?
У канцы дыскусіі Віталій Бусько прызнаўся, што каб ахапіць сваёй увагай усе праблемы, прыняць удзел у іх вырашэнні (цытую старшыню даслоўна): “У мяне вузкія штаны”.
Павінна быць “па Сеньку шапка”…
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *