Восем брастчан адправяцца за медалямі


Крыху больш за месяц засталося да пачатку І летніх Юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Сінгапуры. На прэстыжныя не толькі для сусветнага, але і беларускага спорту спаборніцтвы адправяцца 49 беларускіх спартсменаў, якія выступяць у 22 відах спорту. У іх ліку і восем прадстаўнікоў Брэстчыны. Нашы маладыя спартсмены “застаўбілі” сабе месца ў шасці “намінацыях”. “Весляры-акадэмікі” Раман Будзько і Сяргей Валодзька, якіх трэніруе Аляксандр Папенка, яшчэ ў пачатку чэрвеня заваявалі права на паездку. Крыху пазней – у рады “сінгапурцаў” улілася і брастчанка Ірына Гуль. 18-гадовая спартсменка, якая дабілася за апошнія два гады высокіх вынікаў пад кіраўніцтвам Міхаіла Пузяка, прадставіць Беларусь у стральбе з лука. Яшчэ адзін “стралковы” від – кулявая стральба – прадставіць яшчэ адна брастчанка – Ксенія Фаміных.
Што датычыцца “каралевы спорту” лёгкай атлетыкі, то з 10 прадстаўнікоў Беларусі два – “прапісаны” на Брэстчыне. Пінчанка Вікторыя Колб (штурханне ядра) і скакун ў вышыню Андрэй Чурыла з Баранавіч. Трэнер Вікторыі – Людміла Кунац і настаўнік Андрэя – Мікалай Паўлоўскі, ускладаюць на рабят вялікія надзеі.
На днях стала вядома, што Нацыянальную каманду папоўнілі яшчэ два нашыя спартсмены. У састаў жаночай баскетбольнай каманды ўвойдзе і Дар’я Ліпінская. Бярозаўская спартсменка – выхаванка Валерыя Трухана стала адной з чатырох прадстаўніц Беларусі на гульнях у Сінгапуры. А вось колеры беларускага флага ў таэквандо – самага маладога віду алімпійскай праграмы – будзе абараняць Аляксандр Шмакаў з Баранавіч. Юнака трэніруе Наіда Аразаева.
26 ліпеня ў Алімпійскім прэс-цэнтры “Сінгапур-2010” пройдзе сустрэча нашых спартсменаў і іх трэнераў з грамадскасцю і журналістамі, каб атрымаць наказ на дастойнае выступленне ў Сінгапуры. А ў аматараў спорту з’явіцца добрая магчымасць яшчэ раз “пахварэць” за нашых землякоў: з 14 па 26 жніўня гульні пакажуць на вядучых спартыўных каналах.
Ірына АЛЬШОВА,
прэс-аташэ Прадстаўніцтва НАК
Беларусі ў Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *