Ягадка да ягадкі – летні капітал
Як не любіць лета! Можна ўдосталь папесціцца пад сонечнымі промнямі, купацца ў празрыстай вадзе адкрытых вадаёмаў. А яшчэ лета – самы час, каб паласавацца сакавітымі клубніцамі, чарніцамі, парэчкамі, агрэстам, вішнямі, ажынай, брусніцамі і г. д. Праўда, тым, хто не мае ўласнага сада, дачы ці вольнага часу, каб пайсці ў лес за дарамі прыроды, прыйдзецца адправіцца за вітаміннай прадукцыяй на базар. Цэны там не малыя: літровы слоік маліны і чарніц каштуе па 4-5 тысяч рублёў (за 10-літровае вядро чорнай ягады просяць ад 40 да 50 тысяч рублёў), “заморскую” чарэшню прадаюць па 10-12 тысяч рублёў за кілаграм, памідоры — ад 3,5 да 4,5 тысяч рублёў, агуркі значна танней – ад 1100 да 1500 рублёў. Рынак ёсць рынак, адным хочацца танней купіць, а камусьці – даражэй прадаць.
Аднак, не кожны можа знайсці час, каб лішкі вітаміннай прадукцыі з уласнага агарода і сада прадаваць на базары. Вось тады прыбягаюць да паслуг нарыхтоўшчыкаў. Для многіх лета – магчымасць папоўніць уласны бюджэт і пераўтварыць вырашчаны-сабраны ўраджай у рэальныя грошы (як сцвярджае статыстыка, за апошнія 5 гадоў беларусы такім чынам атрымалі ад арганізацый спажыўкааперацыі 710 мільярдаў рублёў).
На пачатку ліпеня Белспажыўсаюз і канцэрн “Белдзяржхарчпрам” падпісалі пратакол аб устанаўленні рэкамендуемых цэн на ягадную сыравіну айчыннага паходжання для прамысловай перапрацоўкі. Згодна прынятага дакумента, павялічаны закупачныя цэны на пладова-ягадную прадукцыю, набытую ў насельніцтва, на 20-45 працэнтаў. Дарэчы, прэйскурант на чарніцы, журавіны, лісічкі і белыя грыбы вызначаецца сёння не ўнутраным рынкам, а еўрапейскім.
“ЛВ” пацікавіўся, як ідзе нарыхтоўчая кампанія на Ляха-віччыне. Як паведамілі ў райпо, у сістэме спажывецкай кааперацыі раёна працуюць 3 штатныя нарыхтоўшчыкі. У гарачы сезон ім на дапамогу прыцягваюцца яшчэ 2. Што-дзённа, акрамя панядзелка, на рынку ў райцэнтры працуе нарыхтоўчы пункт, дзе кожны жадаючы можа здаць прадукцыю з лесу, дачы, агарода ці сада. Чорныя парэчкі прымаюць па 1500 рублёў, чырвоныя – па 1200, вішню – па 1700, маліну – 2500, чарніцы – па 4200 рублёў. Разлік можна атрымаць адразу на месцы і толькі грашыма. Па словах нарыхтоўшчыка Ігара Ушакова, за мінулы тыдзень нарыхтавана 2 тоны ягад. Начальнік аддзела нарыхтовак райпо Віктар Скіндзер падкрэслівае, што нарыхтоўкай займаюцца і магазіны ў сельскай мясцовасці: сюды можна здаць любыя ягады і атрымаць разлік як грашыма, так і таварам, што маецца ў наяўнасці. На пытанне рэдакцыі колькі ўжо нарыхтавана ягад, райпо запатрабавала ад газеты… пісьмовы запыт, “каб потым не было ніякіх супярэчнасцяў”.
Будзем лічыць, што гэта публікацыя і ёсць пісьмовы запыт. Чакаем адказу ад чыноўнікаў з райпо…
На ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” сезон нарыхтовак яшчэ не пачаўся. Тлумачаць гэту акалічнасць тут проста – масава агуркі яшчэ не здаюць, пакуль закупляюць толькі кроп і хрэн, якія спатрэбяцца для марынавання агуркоў.
Вітаміннай прадукцыі са смакам лета хочацца пакаштаваць і зімой, і вясной, калі асабліва адчуваецца недахоп вітамінаў і мінералаў. Таму, калі ёсць магчымасць, пастарайцеся паспець у сезон замарозіць ягады, каб узімку варыць з іх кісялі і кампоты ці ласавацца сырымі. Інакш давядзецца ісці ў крамы, каб купіць замарожаныя на спецыяльных прадпрыемствах ягады, садавіну і агародніну.
Галіна КАНЬКО.