Пакланіцца вытокам
Да гэтай паездкі ў Беларусь, а, дакладней, у Ляхавічы, 77-гадовы равін з Іерусаліма Хаім Айзенштадт рыхтаваўся з асаблівым хваляваннем і верай. Ён вельмі хацеў наведаць месцы, якія так ці інакш маюць дачыненне да слонімскіх хасідаў – адной з найбольш распаўсюджаных плыняў іудаізму ў Ізраілі. Гістарычна з гэтым рэлігійным накірункам звязаны таксама Баранавічы, Слонім, Валожын, Орша, Гродна, Гомель, Мінск і іншыя населеныя пункты. Увогуле, беларуская зямля мае нямала месцаў, якія з’яўляюцца святымі для іудзеяў.
– Для мяне было надзвычай важна знайсці тое месца, дзе разам з іншымі іудзеямі пахаваны адзін з заснавальнікаў гэтага накірунку іудаізму – рабі Мардэхай. Ён тут жыў, дапамагаў людзям, бласлаўляў на поспех у справах, нараджэнне дзяцей, да яго прыходзілі з просьбамі і малітвамі мае супляменнікі. Для многіх ён быў жывым цудатворцам, — гаворыць Хаім Айзенштадт.
Па яго словах, памаліцца там, дзе пахаваны рэлігійны настаўнік, – святы абавязак, доўг, неабходнасць:
– Я памаладзеў душой, нібы нарадзіўся зноў ад адчування радасці, якая напаўняе маё сэрца, і гатовы гэтай радасцю дзяліцца з іншымі.
Стрыечная сястра Хаіма мінчанка Бэла Туунік, якая суправаджала яго ў паездцы, адзначыла, што ў іх сям’і, сем’ях іншых яўрэяў вельмі беражліва адносяцца да гістарычнай памяці і ўсяго, што звязана з яўрэйскім народам, іудаізмам.
Хаім Айзенштадт (яго бацька нарадзіўся ў Беларусі, у 30-я гады мінулага стагоддзя вучыўся ў Германіі, а незадоўга да вайны з сям’ёй перабраўся ў Палесціну – далей ад фашысцкіх ганенняў на яўрэяў) пабываў у многіх краінах свету, сустракаўся з адзінаверцамі і землякамі, вывучаў гісторыю іудаізму і іншых рэлігій, знаёміўся з жыццём іншых народаў. Яго надзвычай уразіла, наколькі ў лепшы бок змянілася Беларусь за апошнія 20 гадоў. Не толькі сталіца Мінск, але іншыя вялікія і не вельмі гарады і вёскі маюць акуратны выгляд, паўсюдна чысціня і прыгажосць, шмат дрэў, кветак. Наогул, добраўпарадкаванне, як і гасціннасць нашых лю-дзей, па меркаванні равіна, заслугоўваюць самай высокай адзнакі. А Ляхавічы ён нават назваў маленькай Швейцарыяй, адзначыўшы, што тут сучаснасць пераплятаецца з даўніной і сюды хочацца наведацца яшчэ раз.
Бэла Туунік падтрымала брата. І дадала, што і шматлікія замежныя турысты, якія прыехалі ў Беларусь на чэмпіянат свету па хакеі, у захапленні ад нашай краіны, сэрвісу і беларусаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.