Ёсць праблема? Ёсць рашэнне. У Ляхавічах вёў прыём грамадзян намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь
У мінулую пятніцу ў райвыканкаме прыём грамадзян па асабістых пытаннях праводзіў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатолій Калінін, які курыруе пытанні архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сувязі, транспарту.
За дапамогай у вырашэнні сваіх праблем да віцэ-прэм’ера звярнуліся 10 жыхароў не толькі Ляхавіцкага, але і Баранавіцкага раёнаў. Кожны са зваротаў вывучаўся ўважліва, дакладна, дасканала. На некаторыя адказы даваліся адразу, па іншых неабходны больш дэталёвы разбор.
Ад імя жыхароў вёсак Карані, Тумашы, Дайнякі паступіў зварот аб дапамозе ў вырашэнні пытання газіфікацыі гэтых вёсак. Азнаёміўшыся з усімі акалічнасцямі справы, намеснік Прэм’ер-міністра паабяцаў трымаць пытанне на кантролі, параіў і самім вяскоўцам зрабіць першы крок — сабраць частку грошай і пачаць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на газіфікацыю.
Акрамя пытанняў, якія датычацца сфер, што курыруе Анатолій Калінін, да яго звярталіся і з іншымі набалелымі праблемамі – крэдытавання жылля, налічэння пенсій і залічэння стажу, працаўладкавання. Ляхавічанка, маці траіх дзяцей, нядаўна скасавала шлюб і жыве разам са сваёй хворай маці ў сацыяльным жыллі. Яе непакоіць, што з цягам часу яе разам з дзецьмі могуць адсюль выселіць, і яна застанецца без даху над галавой: ”Нават не будзе па якім адрасе зарэгістраваць чацвёртае дзіця, якое хутка народзіцца”. Пытанне было вырашана на месцы. Як запэўніў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, мнагадзетная сям’я і далей зможа жыць па старым адрасе. Да таго часу, пакуль не пабудуе па чарзе кааператыўную кватэру.
Станоўча вырашана і просьба яшчэ адной мнагадзетнай маці — аператара раённага вузла электрычнай сувязі, якая трапіла пад скарачэнне: начальніку РВЭС дадзена даручэнне аб яе працаўладкаванні.
Ляхавічанін ніяк не можа вырашыць пытанне з суседкай, якая ўстанавіла на мяжы іх домаўладанняў агароджу не па правілах і ўжо атрымала адміністрацыйнае пакаранне за гэта – штраф у памеры 4 базавых велічынь. Заяўніку растлумачана: калі жанчына не выправіць сітуацыю, ён мае права звярнуцца ў суд. А ўвогуле, як патлумачыў Анатолій Калінін, такія канфлікты паміж суседзямі, роднымі лепш вырашаць мірным шляхам, калі не атрымліваецца – ёсць суд.
– Апошнім часам зваротаў грамадзян у адпаведныя службы аблвыканкама, у Савет Міністраў стала менш, і гэта сведчыць пра эфектыўную работу са зваротамі на месцы. Што да тэматыкі зваротаў, то ў асноўным, яна датычыцца сферы камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, капітальнага рамонту жылля, а ў невялікіх гарадах і вёсках — працаўладкавання. Канкрэтны чалавек ставіць канкрэтную праблему. Зварот грамадзяніна за дапамогай да ўлады азначае, што ён давярае гэтай уладзе і спадзяецца на яе, — рэзюмаваў Анатолій Калінін.
У гэты ж дзень намеснік Прэм’ер-міністра разам са старшынёй райвыканкама пабывалі на ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, пракантралявалі ход рэканструкцыі вытворчасці і работу дзеючага цэха.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.