Кампетэнцыя пашыраецца, паўнамоцтвы дэталізуюцца


20 ліпеня ўступае ў сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”. Ён сістэматызуе заканадаўства ў галіне мясцовага кіравання і самакіравання, ухіляючы множнасць нарматыўных прававых актаў, што дзейнічаюць сёння ў згаданай сферы, і ліквідуе прабелы ў прававым рэгуляванні адпаведных грамадскіх адносін. Законам замацоўваюцца агульная кампетэнцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама асаблівасці кампетэнцыі мясцовых Саветаў кожнага тэрытарыяльнага ўзроўню: абласнога, базавага і пярвічных (анала-гічным законам 1991 года яна была вызначана агульна, без канкрэтызацыі па ўзроўнях). Размежаваны, сістэматызаваны і больш дэталёва выкладзены паўнамоцтвы старшынь выканаўчых камітэтаў розных тэрытарыяльных узроўняў.
Законам значна пашырана кампетэнцыя Саветаў дэпутатаў, выканаўчых камітэтаў. Прадугледжана магчымасць аб’яднання мясцовых Саветаў дэпутатаў у асацыяцыі (саюзы) для эфектыўнага ажыццяўлення сваіх паўнамоцтваў, абароны агульных інтарэсаў і аказання дапамогі ў вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Рашэнні аб уваходжанні ў асацыяцыі (саюзы) будуць прымацца на сесіях мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Удакладнены прававы статус і кампетэнцыя органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, вызначаны задачы гэтых органаў.
Замацаваны ў законапраекце і тэрміналагічныя змяненні. Так, пры вызначэнні саставаў выканаўчых камітэтаў розных тэрытарыяльных узроўняў пасада сакратара выканаўчага камітэта першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню замяняецца на пасаду кіраўніка справамі, што забяспечвае аднастайнасць пры найменні пасад спецыялістаў, якія выконваюць аднародныя функцыі ў выканкамах розных узроўняў.
Пунктам 2 артыкула 66 Закона Саветам дэпутатаў, выканаўчым і распарадчым органам даручана да ўступлення ў сілу Закона прывесці свае рашэнні ў адпаведнасць з ім і прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі яго палажэнняў.
Алена НОВІК,
галоўны юрысконсульт
райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *