Хочу минералки – здесь и сейчас! В Ляховичах отсутствует летняя уличная торговля

У  мінулыя выхадныя паветра распалілася ад спёкі і гарачыні. Народ з прагай лавіў кожны подых ветрыку, шукаў паратунку ў цяньку, а некаторыя адпачывалі на вадаёмах. Як хочацца ў такія дні паласавацца марожаным, спаталіць смагу прахаладжальным пітвом! На жаль, гандаль райцэнтра не зарыентаваўся ў бок пакупніка: у горадзе адсутнічаюць гандлёвыя палаткі, “парасоны”, дзе б можна было камфортна размясціцца, папіць мінералкі ці соку, з’есці порцыю марожанага. Адзін ці два разы гандлявалі квасам на рыначнай плошчы, але на гэтым “квасная” эпапея спынілася. Чаму б нашаму кааппраму ў адказ на спякоту не прапанаваць ляхавіцкі квасок ды і іншыя газіраваныя напіткі, якія ён, дарэчы, некалі выпускаў? Упэўнены, акрамя ўдзячнасці пакупнікоў, гандаль квасам прынясе нядрэнны і хуткі прыбытак – у гарачыя дні на ахаладжальныя напіткі маецца павышаны попыт. З настальгіяй успамінаюцца часы, калі магазіны прапаноўвалі сок і напіткі на разліў.

Райпо не змагло заняць нішу ў арганізацыі “смачнага” кароткага сямейнага адпачынку. Пытанне застаецца надзённым і актуальным для райцэнтра. У рэстаран, каб паесці халоднага прысмаку з дзецьмі, не ўсякі пойдзе.

Аптымістычныя перспектывы мроіліся з адкрыццём “Ласунка”. Думалася, кулінарыя стане любімым месцам адпачынку дзяцей і дарослых. Гэтыя чаканні не спраўдзіліся.

Дарэчы, у магазінах заўважаеш, што большасць кандытарскіх вырабаў “нетутэйшага паходжання” – прывезены з іншых раёнаў. Яшчэ перад абласнымі дажынкамі летась па нядзелях пачалі гандляваць сваёй прадукцыяй на рыначнай плошчы івацэвіцкія хлебапёкі. З зайздроснай рэгулярнасцю прапаноўваюць яны нашым землякам вялікі асартымент смачных і духмяных кандытарскіх ласункаў. І разлятаюцца тыя, як у народзе кажуць, бы гарачыя піражкі. Застаецца толькі павучыцца чыёйсьці прадпрымальнасці і менеджменту ў рэалізацыі ўласнай прадукцыі і атрыманні даходу.

Дык што там чуваць пра летнія кафэ, “квасныя” і “марожаныя” гандлёвыя прапановы на вуліцы ад ляхавіцкай спажыўкааперацыі?

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *