Сандружыны, станавіся!У Ляхавічах за званне лепшых сандружын змагаліся каманды /фота/

Лепшыя сандружынніцы раёна

Сёлетняй экзаменацыйнай пляцоўкай санітарных дружын стала тэрыторыя райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Раніцай 28 мая тут было як ніколі шматлюдна.

За званне лепшых сандружын змагаліся каманды з ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі” (мінулагодні пераможца), СВК “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, ДП “Нача” і ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Традыцыйна конкурс праходзіў у 5 этапаў. Каманды працавалі ў ачагах камбінаванага, хімічнага паражэння і інфекцыйнага захворвання. Аказанне дапамогі ўмоўнаму пацярпеламу, пагрузка яго на санітарны транспарт, правядзенне частковай дэзактывацыі і санітарнай апрацоўкі – не поўны пералік прапанаваных камандам сітуацыйных задач. Канкурсанты прадэманстравалі не толькі практычныя навыкі, але і тэарэтычныя веды па грамадзянскай абароне, медыцыне, гісторыі Чырвонага Крыжа. А яшчэ праявілі ініцыятыўнасць і творчасць у конкурсах мастацкай самадзейнасці.

Час праляцеў непрыкметна. Адклаўшы нязручныя процівагазы, сумкі і насілкі, каманды чакалі судзейскага рашэння. Па выніках спаборніцтваў першае агульнакаманднае месца заняла каманда торфабрыкетчыкаў, другое – СВК “Жарабковічы”, трэцяе – ільнозавода. Лепшымі камандзірамі прызнаны Алена Навалочка (СВК “Жарабковічы”), Наталля Палуян (ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі”) і Аксана Кісцень (ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”). У конкурсе мастацкай самадзейнасці лідарам стала каманда СВК “Шлях новы”, другое месца ў ДП “Нача”, трэцяе – у торфабрыкетнага завода. Лепшы санбюлетэнь прадэманстравала начаўская сандружына, другое і трэцяе месца ў “Жарабковічаў” і зноў жа ТБЗ.

Завяршыліся спаборніцтвы цырымоніяй узнагароджання. Пераможцам уручаны граматы, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі ад Чырвонага Крыжа. А яшчэ ў гэты дзень у адрас сандружынніц гучалі апладысменты і шчырыя словы падзякі за іх справу.

Ірына ТУКАЙ,

спецыяліст РАНС.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *