Малако пачынаецца з сенажаці. У мінулую суботу намеснік Прэм’ер-міністра пракантраляваў арганізацыю касавіцы ў тым ліку і ў Ляхавіцкім раёне

Намеснік Прэм’ер-міністра Анатолій Калінін са старшынямі райвыканкама – Вячаславам Сельмановічам, раённага Савета дэпутатаў – Яўгеніем Юрлевічам, гаспадаркі – Аляксандрам Вітко на касавічных угоддзях СВК «Ляхавіцкі».

Вызначаны Прэзідэнтам тэрмін заканчэння першага ўкосу траў – 5 чэрвеня, для Віцебшчыны — 15. Па даручэнні Прэм’ер-міністра створаны рабочыя групы па кантролі за ходам касавіцы, у Брэсцкай вобласці яе ўзначаліў намеснік Прэм’ер-міністра Анатолій Калінін. У полі зроку груп – аператыўнасць і якасць уборкі траў. У мінулую суботу Анатолій Калінін пракантраляваў арганізацыю касавіцы ў тым ліку і ў Ляхавіцкім раёне.

Прыгожая работа –  эфектыўная работа, калі і змест, і форма працуюць на вынік. Гэта і пра ўборку траў.

— Калі б такая сістэма арганізацыі вытворчасці, як у СВК “Ляхавіцкі”, была паўсюдна, многіх праблем у сельскай гаспадарцы пазбеглі б, — рэзюмаваў намеснік Прэм’ер-міністра Анатолій Калінін пасля знаёмства з ходам касавіцы ў лепшай гаспадарцы нашага раёна.

…Сакавітыя травы за ваколіцай аграгарадка Русінавічы ўрадзілі на славу. У радасць працуецца механізатару прэс-падборшчыка Леаніду Пішчу – гэта ён прэсуе скошанае і запакоўвае ў бялюткую стрэтч-плёнку. На насычана зялёным выйгрышна глядзіцца белы арнамент.

—Чатыры гадзіны скошаныя травы праветрываюцца, а потым – у рулоны. Корм для жывёлы атрымліваецца выдатны, захоўваецца – лепш не прыдумаеш. Праверылі на практыцы ў сваёй гаспадарцы. Галоўнае – дакладнае захаванне тэхналогіі нарыхтовак. Гэта датычыць, дарэчы, і іншых відаў кармоў, — расказвае старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва Аляксандр Вітко.

На Русінавіцкім малочнатаварным комплексе

Анатолій Калінін цікавіцца збалансаванасцю па пажыўных рэчывах корму ў рулонах, які нарыхтоўваецца, у прыватнасці, на гэтым участку. Сумесь канюшыны, ежы, цімафееўкі лугавой – выдатная “салата” для буронак. Не сакрэт, што малако пачынаецца з сенажаці, вялікае малако – з прадумана спланаванай, дагледжанай, тэхналагічна-бездакорнай. Не будзе перабольшваннем сказаць – такой, як у “Ляхавіцкім”. Мінулагоднія надоі на карову ў гаспадарцы – 7246 кілаграмаў. Сёлета магчыма да 7500 кілаграмаў “падрасці”, ва ўсякім разе ўстойлівы малочны плюс ёсць.

У якіх умовах ён дасягаецца, намеснік Прэм’ер-міністра пераканаўся на ўласныя вочы на Русінавіцкім малочнатаварным комплексе. Абсалютны парадак – гэтага лаканічнага вызначэння дастаткова, каб ацаніць арганізацыю высокатэхналагічнай вытворчасці, адкуль на перапрацоўку паступае малако пераважна гатунку экстра. Для завяршэння карціны яшчэ адзін, лічбавы, штрых: цяпер  сутачны надой на карову на комплексе – 24 кілаграмы.

На заўвагу старшыні гаспадаркі, што ў сённяшнім рацыёне статка прысутнічае мінулагодні, але выдатнай якасці сілас, Анатолій Калінін прапанаваў паглядзець стан гэтага корму ў месцы захоўвання.

— Вось што значыць зроблена па тэхналогіі вытворчасці — цудоўна захаваўся. Бачыце, — звяртаючыся да журналістаў патлумачыў Анатолій Мікалаевіч, —  і кансістэнцыя належная, і выгляд.

Нарыхтоўка кармоў – не самамэта: мэта – вялікае малако і заробленыя яго вытворцамі грошы, якія дазваляюць жыць, развівацца, паляпшаць дабрабыт і гаспадаркі, і вяскоўцаў. Як адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра, па стане на мінулую суботу ў цэлым па краіне ўборка траў першага ўкосу была выканана на 32-35 працэнтаў, на Брэстчыне – на 53 працэнта – за кошт выкарыстання высокіх тэхналогій корманарыхтовак, аснашчанасці тэхнікай, моцнага кадравага патэнцыялу. Прыклад “Ляхавіцкага” – узор граматнай арганізацыі вытворчасці, дзе складальнікамі поспеху з’яўляюцца вялікі вопыт кіраўніка сельгаскааператыва, кампетэнтнасць спецыялістаў, працавітасць калектыву, наяўнасць сучаснай тэхнікі, веданне і захоўванне тэхналогій. Высокай ацэнкай можна лічыць зробленую Анатоліем Калініным выснову: тут, у СВК “Ляхавіцкі”, па сутнасці, не трэба ні кансультаваць, ні кантраляваць – кіраўнік на сваім месцы, і ён забяспечвае зладжаную эфектыўную работу калектыву.

Па стане на мінулую суботу, па словах Аляксандра Вітко, у гаспадарцы 1100 тон сенажу запакавана ў поліэтыленавую плёнку, каля 3000 тон закладзена ў дзве траншэі. Патрабуецца ўсяго 4-5 спрыяльных дзён для канчатковага завяршэння касавіцы.

Другім адрасам на маршруце кіраўніка рабочай групы па кантролі за ходам уборкі траў быў СВК “Шлях новы”. Як закладваецца траншэя на 1400 тон корму і хто кантралюе вытворчасць, ці дастатковая шчыльнасць трамбоўкі, ці не перавышана тэмпература травяной масы – на гэтыя і многія іншыя пытанні Анатолія Калініна адказваў старшыня гаспадаркі Аляксандр Вашчук. Намеснік Прэм’ер-міністра пабываў і на новым малочнатаварным комплексе ў Навасёлках, пацікавіўся ўмовамі ўтрымання жывёлы, эфектыўнасцю вытворчасці. І зноў падкрэсліў важнасць строгага захоўвання тэхналагічнай дысцыпліны.

Наступным адрасам на маршруце Анатолія Калініна быў Баранавіцкі раён. А старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч накіраваліся пасля кантрольнай работы ў СВК “Шлях новы” з гэтай жа мэтай у іншыя гаспадаркі Ляхавіччыны.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *