Чырвоны певень не клюне?


Усё, што вырасла, своечасова ўбраць і захаваць без страт – абавязковы дэвіз уборачнай кампаніі. Сапраўдныя гаспадары імкнуцца да мінімуму знізіць магчымыя страты ўраджаю з-за капрызаў надвор’я і ні ў якім разе не дапускаюць іх з-за бяспечнасці людзей. А між тым, менавіта яна часцей за ўсё становіцца прычынай пажараў і іншых надзвычайных здарэнняў, у выніку якіх гінуць людзі, знішчаюцца тэхніка, зерне, кармы і сельскагаспадарчыя пабудовы.
Вопыт мінулых гадоў паказвае, што на тых прадпрыемствах, дзе кіраўнікі і спецыялісты надаюць увагу выкананню правіл пажарнай бяспекі і працоўнай дысцыпліне, “чырвонаму пеўню” няма месца. Мер па папярэджанні пажараў нямала. Акрамя жорсткага супрацьпажарнага рэжыму аховы аб’ектаў і навучання работнікаў, занятых на ўборцы, гэта і правільнае складзіраванне кармоў на палях і зернетаках, абсталяванне аб’ектаў маланкаахоўнымі прыстасаваннямі, сродкамі пажаратушэння і многае іншае.
Нядаўнія праверкі складоў грубых кармоў паказалі, што не ўсе кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў выконваюць патрабаванні органаў пажарнага нагляду і прымаюць меры па ўхіленні недахопаў. Не выкананы рамонт маланкааховы складоў грубых кармоў у СВК “Канюхі”, “Жарабковічы”, “Дарава”, “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Тут склады не ўкамплектаваны сродкамі пажаратушэння, тэрыторыі несвоечасова ачышчаюцца ад адходаў вытворчасці і сухой расліннасці. Службовыя асобы, адказныя за супрацьпажарны стан, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Падчас уборачнай кампаніі неабходна абмежаваць свабодны доступ у складскія памяшканні асоб, якія не задзейнічаны на работах, асабліва дзяцей, чые гульні з запалкамі ў сенасховішчах нярэдка заканчваюцца пажарам. Тым больш, не заўсёды адкрытыя сцірты сена заворваюцца і агароджваюцца, не вытрымліваюцца супрацьпажарныя разрывы паміж імі і пабудовамі.
Кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў абавязаны зрабіць усё, каб тэхніка выходзіла ў поле спраўнай і забяспечанай сродкамі пажаратушэння. Асаблівую ўвагу неабходна звяртаць на стан паліўнай сістэмы, сістэмы запальвання і змазкі. Зернеўборачныя камбайны павінны выходзіць у поле толькі пад прыкрыццём пажарнай і прыстасаванай для тушэння пажараў тэхнікі.
Генадзій БАРКОЎСКІ,
старшы інспектар
інспекцыі дзярж-
пажнагляду РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *