З удачай, «Нача»! На Ляхавіччыне ідзе касавіца

Віктар Кунцэвіч на касавіцы не навічок.

—Сёння-заўтра касьбу траў у гаспадарцы заканчваем, — дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства Мікалай Тарлюк ходам і вынікам касавіцы задаволены. “Нача” сёлета сярод раённых лідараў па тэмпах правядзення кампаніі. Па стане на ўчарашні дзень травы былі скошаны на 99,4 працэнта плошчаў, убрана да скошанага – 73,5 працэнта.

Прадуманае размеркаванне тэхнікі і сіл, усведамленне важнасці таго, што робяць, матэрыяльная зацікаўленасць ды і проста сялянская загартоўка ўдзельнікаў зялёнага жніва дазволілі даволі аператыўна разгарнуцца і давесці справу практычна ўжо да фіналу.

Што ў наяўнасці? Па словах кіраўніка прадпрыемства, ёсць 3000 тон сенажу, 71 тона сена. Апошняя лічба, мяркуюць, падвоіцца.

Ні тэхніка, ні механізатары не падводзяць. Мікалай Тарлюк называе імёны перадавых удзельнікаў нарыхтоўкі кармоў — механізатараў Уладзіміра Шкляніка, Уладзіміра Зіневіча, Уладзіміра Трыбухоўскага, Віталія Васюкевіча, Канстанціна Шастака. З павагай расказвае пра важкі ўдзел у касавіцы вопытных майстроў сваёй справы Віктара Кунцэвіча, які вызначыўся на касьбе траў, Юрыя Ксёнжыка і Анатолія Падгурскага, занятых трамбоўкай травяной масы. Сярод складальнікаў паспяховай касавіцы ў ДП “Нача” – працоўнае спаборніцтва, якое прадугледжвае меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання.

Самую аб’ектыўную ацэнку зробленаму паставіць, канешне, перыяд стойлавага ўтрымання жывёлы, надоі і прывагі статка.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У Юрыя Ксёнжыка і Анатолія Падгурскага кожная мінута на вагу золата.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *