Касец шырокага профілю. У Васілія Цыкмана сёлетняя касавіца – дзясятая, і ён сярод лідараў

У Васілія Цыкмана сёлетняя касавіца – дзясятая, і ён сярод лідараў

Васілія Цыкмана з задавальненнем прынялі ў атрад механізатараў СВК “Шлях новы”: такія спрактыкаваныя спецыялісты ўсюды на вагу золата. Некалі ў СВК “Дарава”, а пасля далучэння і ў аб’яднанай гаспадарцы Васілій — незаменны механізатар. З ранняй вясны ён за рулём энерганасычанага трактара, працуе на сяўбе. Пачынаецца кормаўборачная кампанія, перасядае на КЗР – рыхтуе зялёную масу. А ў адказнейшую жніўную пару ён за штурвалам камбайна КЗС-10К. І заўсёды Васілій Цыкман у лідарах.

Другі год механізатар працуе на нарыхтоўцы кармоў на магутным траваўборачным комплексе КВК-800. Ён косіць травы на сянаж, які закладваецца ў траншэю ў Зубелевічах. Стараецца строга захоўваць тэхналогію корманарыхтовак: 3 дні максімум — і траншэя павінна быць закрыта.

Як толькі закончацца работы, Васілій Цыкман перагоніць КВК-800 у Сакуны, дзе таксама трэба закладваць сянажную масу.

Працаваць побач з такім адказным і ўмелым чалавекам – задавальненне. Вячаслаў Дзенісеня, які таксама нарыхтоўвае кармы на КВК-800 і ўваходзіць у звяно Васілія Цыкмана, лічыць, што яму пашанцавала: побач надзейная рука сябра, які ніколі не адмовіць у падтрымцы.

Дзякуючы арганізаванай рабоце механізаванага кормаўборачнага звяна, СВК “Шлях новы” нарыхтаваў ужо 6,4 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на ўмоўную галаву жывёлы.

Корманарыхтоўкі ў разгары: за першым укосам неўзабаве пачнецца другі… Да позняй восені запасы будуць папаўняцца.

Касавіца працягваецца ва ўсіх гаспадарках раёна. Па стане на раніцу 10 чэрвеня скошана 10173 гектары траў, убрана 7639 гектараў. З іх назапашана 435 тон сена, 7381 тона зялёнага корму ў рулонах, закладзена ў траншэі 27710 тон сенажу. У пераліку на кармавыя адзінкі, на кожную умоўную галаву жывёлы нарыхтавана 4,93 цэнтнера. Сярэднеабласны паказчык складае 4,03 цэнтнера кармавых адзінак.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *