Смачную абноўку прапануе Ляхавіцкі малочны завод

Каля паўсотні найменняў смачнай і карыснай прадукцыі выпускае Ляхавіцкі малочны завод. Малако і кефір, масла сметанковае і шакаладнае, тварог і разнастайныя дэсерты, плаўлены сыр і смятана – далёка не поўны пералік прадуктаў серый “Ляхавічок”, “Унучок Ляхавічок” і “Ляхавіцкае”, папулярных і ў сталіцы, і ў глыбінцы.

Літаральна днямі на паліцах магазінаў з’явілася навінка: завадчане прапанавалі спажыўцам пітны ёгурт, упакаваны ў поліэтыленавую плёнку. Ён прэзентаваны як прадукт фітнэс-лініі: жывы ёгурт (па складзе аналаг любімага многімі “Здаравячка”) з утрыманнем усяго 2 працэнтаў тлушчу, з закваскай на аснове тэрмафільных малочнакіслых мікраарганізмаў і балгарскай палачкі. Як расказала начальнік вытворчасці малочнага завода Людміла Скараход, выдатныя смакавыя якасці навінкі спалучаюцца з вялікай карысцю для арганізма чалавека: ёгурт дапамагае нармалізацыі абмену рэчываў, станоўча ўплывае на работу страўнікава-кішачнага тракта, рэгулюе работу падстраўнікавай залозы, дапамагае умацаванню імунітэту.

Новы ёгурт пакуль што выпускаецца ў двух “варыянтах” – з напаўняльнікам “яблыка-банан-мюслі” і без напаўняльніка, але тэхнолагі прадпрыемства працуюць над пашырэннем асартыментнай лінейкі. Тым больш, што першыя водгукі ад спажыўцоў ужо ёсць – канешне, станоўчыя.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *