Лабараторная работа ў выкананні калектыву пад кіраўніцтвам Галіны Сушко

Галіна Сушко не перастае захапляцца сучасным абсталяваннем для лабараторыі.

Па невялікай кропельцы крыві пры дапамозе сучаснейшага абсталявання можна паставіць дыягназ, ацаніць агульны стан пацыента, сачыць за вынікамі прызначанага лячэння, карэкціраваць дозу лякарстваў. Такія ўнікальныя магчымасці мае цяпер і клініка-дыягнастычная лабараторыя Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Гэта не проста аддзяленне, а надзвычай спрактыкаваная, узаемазамяняльная, дружная каманда медыкаў-прафесіяналаў. Чвэрць стагоддзя ўзначальвае калектыў Галіна Сушко. Галіна Уладзіміраўна можа параўнаць сённяшнія магчымасці лабараторыі з тымі, што былі раней.

Наўрад ці думала выпускніца хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, што яе лёсам стане медыцына. Хаця яшчэ студэнткай яе прыцягвала аналітычная хімія, неаднойчы падчас практыкі апранала белы халат і марыла, як самастойна будзе займацца даследчай работай. Думкі пра будучае працаўладкаванне былі рознымі — ад настаўніцтва да прамысловай хіміі, але ніяк не датычыліся аховы здароўя. Жыццё прадугледзела іншы расклад.

З маленькай дачушкай-першынцам прыехала Галіна пагасцяваць да бацькоў у родны Крывошын. І атрымала прапанову ад кіраўніцтва райбальніцы ўзначаліць лабараторыю. Згадзілася на зусім новую для яе справу. Перакваліфікавалася хутка, з інтарэсам і хваляваннем прыступіла да новай работы.

Урач лабараторнай дыягностыкі Таццяна Свінабурка, фельчары-лаба-ранты Галіна Сакалоўская і Святлана Бобер з аналізатарамі на «ты».

– За 25 гадоў ні разу не пашкадавала пра свой выбар. Работа не проста падабалася, а зачаравала. Неабходна разумець, што за кожным аналізам – стан здароўя канкрэтнага чалавека. Вельмі важна не толькі прафесійна узяць матэрыял, але і дакладна зрабіць даследаванне: гэта дапаможа ўрачу вызначыць непаладкі ў арганізме пацыента, паставіць дыягназ і прызначыць лячэнне, — расказвае пра сваю прафесію Галіна Сушко.

Лабараторыя, а, дакладней, 2 урачы-лабаранты, 14 фельчараў-лабарантаў і 5 санітарак забяспечваюць выверанае, дасканалае і дакладнае выкананне агульнаклінічных, гематалагічных, біяхімічных, імуналагічных даследаванняў як для стацыянара, прыёмнага пакоя, так і для паліклінікі, а таксама падчас выязных медаглядаў, напрыклад, ва ўстановах адукацыі. За год праводзіцца звыш 460 тысяч даследаванняў!

Загадчыца лабараторыі не толькі пастаянна самаўдасканальваецца, але і захапіла гэтым сваіх падначаленых. Яе правая рука Таццяна Свінабурка як рыба ў вадзе адчувае сябе за ўсімі відамі аналізатараў. На пасадзе ўрача лабараторнай дыягностыкі яна з 2005 года, спецыяліст вопытны: да гэтага амаль 10 гадоў тут жа працавала лабарантам, пакуль не атрымала вышэйшую медыцынскую адукацыю. Сярод яе функцый — пастаноўка групы і рэзусаў і сералагічныя даследаванні.

– Большасць маіх пацыентаў – цяжарныя жанчыны, таму любая, нават нязначная памылка ў даследаванні можа прынесці шкоду не толькі будучай маці, але і дзіцяці, — расказвае ўрач-лабарант.

Фельчары-лабаранты Святлана Ляскала і Алена Бялко ў сваёй прафесіі – асы.

Лабараторыя – другі дом і яшчэ для аднаго незаменнага работніка — старшага фельчара-лабаранта Валянціны Абражэвіч. За больш як 30 гадоў яна зрабіла тысячы аналізаў і дакладна падлічыла не адзін мільён разнастайных параметраў, паказчыкі якіх важныя і для пацыента, і для ўрача. А яшчэ менавіта яна ў адказе за захаванне санэпідрэжыму ў аддзяленні. Магчыма, не ўсе ведаюць, што час хлоркі і ёй падобных дэзынфіцыруючых сродкаў — справа даўно мінулых дзён. Цяпер выкарыстоўваюцца сучасныя эфектыўныя прэпараты, якіх, з усмешкай гаворыць Галіна Уладзіміраўна, больш, чым рэактываў.

Шмат гадоў Галіна Сушко і яе калегі марылі, каб, нарэшце, у лабараторыі з’явіліся навейшыя камп’ютарныя прыборы для правядзення аналізаў крыві. 3 гады назад гэтая мара стала рэальнасцю: у Ляхавіцкай ЦРБ з’явіліся імпартныя — апошняе слова тэхнікі — аналізатары, якімі можа пахваліцца далёка не кожная раённая ўстанова аховы здароўя. Біяхімічны аналізатар у суткі здольны апрацоўваць звыш 500 параметраў крыві. А вынікі даследавання на гематалагічным аналізатары дазваляюць урачу вызначыць, які від анеміі выяўлены ў пацыента. У наяўнасці і аналізатар для ранняй дыягностыкі інфаркту міякарда. Гэты невялічкі прыбор па кропельцы венознай крыві выявіць рызыку ці ступень каварнай хваробы. Яшчэ адзін апарат для аналізу крыві незаменны для хворых, якія перанеслі аперацыю на сэрцы: усяго за 30 секунд дапамагае ўрачу адкарэкціраваць дозу прызначанага лякарства.

– У нашай прафесіі абавязкова трэба ісці ў нагу з часам, не баяцца новага. Атрымаўшы сучасныя аналізатары, адразу перавучыліся — асвоілі камп’ютар, што дазволіла аўтаматызаваць працэс падліку клетак крыві, павысіць прадукцыйнасць працы ў лабараторыях, палепшыць якасць і дакладнасць вымярэнняў, атрымаць дадатковыя, высокаінфарматыўныя характарыстыкі клетак крыві. Мяркуйце самі: раней было 5 паказчыкаў па даследаванні ўзятай з пальца кроплі крыві, цяпер 16, плюс падлік лейкацытарнай формулы. Яшчэ 30 параметраў вызначаецца на біяхімічным аналізатары. Усё гэта дапамагае выявіць хваробу, якая пакуль нават не праяўляецца, — расшыфроўвае Галіна Уладзіміраўна новаўвядзенні.

Сем фельчараў-лабарантаў віртуозна карыстаюцца аналізатарамі. А першапраходцамі, акрамя загадчыцы, у гэтым былі сёстры Галіна Сакалоўская і Святлана Бобер, агульны стаж якіх у медыцыне больш за паўстагоддзе.

– Былі вельмі рады новаму абсталяванню, асвоілі яго. Апрацоўка аналізаў ідзе хутка і якасна, і цяпер нас у звязцы трое — два фельчары-лабаранты і аналізатар, — гаворыць Галіна Сакалоўская.

Тым не менш, ніякі нават суперсучасны прыбор не заменіць уважлівых і шчырых адносін да пацыента – незалежна ад таго, хворы ён ці прыйшоў на прафілактычны агляд.

– Людзі спакойна давяраюць медыкам самае дарагое, што ў іх ёсць – здароўе сваё і сваіх блізкіх. І гэта патрабуе ад людзей у белых халатах не толькі глыбокіх ведаў, высокай самааддачы, але і чалавечнасці, спагады, дабрыні і разумення, — так падагульніў экскурсію ў лабараторыю намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *