“Транс” і шанс. Перавозкі — адна з паслуг, якія прапануе насельніцтву філіял “Кааптранс” Ляхавіцкага райпо
Неаднойчы на кірмашах у райцэнтры ў поле зроку трапляў грузавы аўтамабіль з аб’явай: ”Акажам паслугі ў перавозцы набытага тавару да месца прызначэння”. Перавозкі — адна з паслуг, якія прапануе насельніцтву філіял “Кааптранс” Ляхавіцкага райпо. Па словах дырэктара кааптранса Уладзіміра Равякі, на балансе арганізацыі 42 адзінкі тэхнікі, з якіх 32 — грузавыя. Каэфіцыент гатоўнасці аўтапарка складае 0,95. Пры 78-працэнтным амартызацыйным зносе тэхніка выглядае для свайго ўзросту вельмі нядрэнна. У чым заслуга тэхнічных “касметолагаў” — слесараў, саміх вадзіцеляў.
Асноўная функцыя кааптранса — забеспячэнне транспартам райпо, у тым ліку і бесперабойнай работы сямі аўтамагазінаў (на чатырох з іх вадзіцель адначасова выконвае і функцыі прадаўца). Кожны з гэтых аўтамабіляў аснашчаны спадарожнікавай сістэмай навігацыі, што дазваляе дакладна адсочваць маршрут аўтамагазіна. Сярод клопатаў кааптранса – дастаўка прадуктаў у магазіны раёна. А яшчэ аказваюцца разнастайныя паслугі іншым прадпрыемствам і арганізацыям, а таксама насельніцтву.
Менавіта пра актывізацыю аказання паслуг насельніцтву ішла гаворка на адной з апаратных нарад у старшыні райвыканкама, які выказаўся за пашырэнне пераліку паслуг насельніцтву. У прыватнасці, прапанаваў уключыць у іх апрацоўку ўчасткаў, касьбу, транспартныя прапановы і г.д. Уладзімір Равяка патлумачыў, што гэтым арганізацыя займалася. І калі яшчэ год назад той жа трактар для заворвання зямельных участкаў быў надзвычай запатрабаваны, то цяпер сітуацыя іншая. Сёлета за ворыва і культывацыю зарабілі ўсяго 2 мільёны рублёў (гадзіна работы спецыялізаванай тэхнікі каштуе 103 тысячы рублёў).
Не так, як хацелася б, запатрабавана і паслуга скошвання травы (безумоўна, не маюцца на ўвазе райпоўскія аб’екты, вакол якіх косяць работнікі кааптранса). Здавалася б, неабходная тэхніка ёсць (3 газонакасілкі і адна перасоўная), спецыялісты для работы на ёй навучаны, а заявак мала. Можа кошт (20 тысяч рублёў за сотку) палохае? Не думаю. Хутчэй рэкламы не хапае, прычым і гэтага, і іншых відаў паслуг. Сярод сёлетніх навінак, якая паспела стаць “хітом”, паслуга па шынамантажы. Яна патрэбна і для тэхнікі кааптранса, да таго ж дае магчымасць зарабіць дадатковыя грошы. Са студзеня па май уключна гэта паслуга прынесла кааптрансу 37 мільёнаў рублёў ад прадпрыемстваў раёна і ўладальнікаў прыватных транспартных сродкаў. Як зазначыў кіраўнік кааптранса, арганізацыя працуе напрамую з пастаўшчыкамі шын, што дае магчымасць на 15 працэнтаў патанніць паслугу.
Яшчэ ў “кашалёк” кааптранса за гэты перыяд паступіла каля 8 мільёнаў рублёў за транспартныя паслугі. Запатрабаваны ў арганізацый і насельніцтва аўтакар — незаменны памочнік для разгрузкі буйнагабарытных грузаў вагой да 20 тон. Яго заказваюць пры выкананні будаўнічых работ, як і іншую ўніверсальную тэхніку. Узяць хаця б самазвалы. У асенні перыяд попыт на іх “зашкальвае” – людзі рыхтуюцца да зімы, запасаюцца дровамі і брыкетам, вось і заказваюць грузавы транспарт. Але тэхніка не прастойвае і ў іншы час — задзейнічана на вывазцы металалому – яшчэ адна паслуга насельніцтву.
Ва ўмовах рынку выжывае мацнейшы. У кааптрансе ведаюць: неабходна не толькі захаваць за сабой наяўныя пазіцыі на спажывецкім полі паслуг, але і шукаць новыя формы работы, неабходныя заказчыкам, якія прынясуць прыбытак прадпрыемству.
А якія прапановы для паляпшэння работы гэтага падраздзялення ў кіраўніцтва райпо? Старшыня Васілій Некрашэвіч лічыць, што, у першую чаргу, неабходна вырашыць кадравую праблему — не хапае вадзіцеляў. Што датычыцца тэхнікі і абсталявання, то яны набываюцца, у прыватнасці, – хлебавозы і аўтамабілі з ізатэрмічным фургонам. Зразумела, патэнцыял ёсць. І для абнаўлення машынна-трактарнага парка, і для павелічэння зарплаты (у сярэднім на кааптрансе яна складае каля 3,5 мільёна рублёў), і наогул для аздараўлення эканомікі прадпрыемства. Падмацаваць бы высновы старшыні райпо справамі. А то ўсё больш словы…
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.