Цаглінкі шчасця сямейнага. Жыве ў Ляхавіцкім раёне сям’я

Свая ноша не цягне! Дружная сям’я Гатоўчыцаў.

Пабыўшы ў гасцях у добрых людзей аднойчы, хочацца туды вярнуцца яшчэ не раз. Гэта і пра сям’ю Віктара і Марыны Гатоўчыцаў з Ліпска. Выпадкова пазнаёмілася з гэтымі сардэчнымі людзьмі (пра іх “ЛВ” ужо згадваў у адным са сваіх нумароў) і скарысталася магчымасцю пацікавіцца не толькі жыццём-быццём, але сакрэтамі шчаслівага шлюбу.

Гісторыя гэтай шматдзетнай сям’і пачалася 13 гадоў назад. Як расказала Марына, яны з Віктарам вырашылі згуляць вяселле ў першы дзень лета, на Сёмуху, як некалі і яго бацькі. Калі перад маладымі пасля вяселля паўстала пытанне выбару месца жыхарства, вырашылі “віць гняздо” у роднай вёсцы – у сям’і мужа такая традыцыя: малодшы сын павінен застацца ў бацькоўскім доме ці жыць побач.

Бацька Віктара, Фёдар Сцяпанавіч, у Ліпску вядомы бондар. Ён і кіраваў будаўніцтвам дома, да якога актыўна падключыліся ўсе родныя. Талакой пабудаваліся — сабе на радасць, іншым на заглядзенне. І Марыну, і Віктара бацькі навучылі прастой сялянскай мудрасці: хто працуе – той і мае. Яны не чакаюць, што жаданае ўпадзе з неба – самі ўсяго дасягаюць. “Калі ў чалавека ёсць мэта, то ўсякая работа ў радасць, а значыць і вынік не прымусіць сябе чакаць”, – упэўнены Гатоўчыцы.

У дружнай сям’і падрастаюць 2 сыночкі – дванаццацігадовы Антон і васьмігадовы Міша — і маленькая Надзейка. Менавіта дзеля іх і пачалося “засяленне” падворка разнастайнай прыгажосцю. Пасля нараджэння першынца вырашылі зрабіць пясочніцу, потым — арэлі, альтанку, з’явіліся маляўнічыя фігуры казачных герояў. Спалучэнне майстэрства Віктара і дызайнерскага таленту Марыны (яна да дэкрэтнага водпуску выкладала ў школе выяўленчае мастацтва) даюць адметны вынік – прайсці міма і не азірнуцца на гэты падворак проста нельга. Хлопцы падрасталі, і з’явілася неабходнасць у спартыўным гарадку. Да спорту, дарэчы, у сям’і асаблівыя адносіны. Віктар працуе выратавальнікам на мясцовым пажарна-выратавальным пасту. Акрамя адказнай службы, абараняе гонар РАНС на рознага ўзроўню спаборніцтвах, удзельнічае ў бегавых марафонах і сяброўскіх забегах. На прабежку за галавой сям’і пацягнуліся не толькі сыны, але і жонка. А ў бліжэйшы час разам з Надзейкай плануюць прыняць удзел у спартыўным марафоне, які пройдзе ў Баранавічах.

Гатоўчыцы — заўзятыя падарожнікі: захапляліся прыгажосцю Белавежскай пушчы, ушаноўвалі памяць абаронцаў Брэсцкай крэпасці, знаёміліся са славутасцямі сталіцы. Падрасце дачушка – і геаграфія паездак пашырыцца.

Пасеяныя зярняткі сямейнага выхавання даюць дружныя ўсходы: хлопцы растуць адказнымі і працавітымі – дапамагаюць па гаспадарцы (а яна немалая), у агародзе, з задавальненнем наведваюць майстэрню дзеда, спрабуюць выпільваць з дрэва цацкі, асвойваюць тонкасці вырабу драўляных шэдэўраў. Антон можа сам і смачны кекс спячы, і маннік, а Міша заўсёды побач з братам –іх аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы і захапленні. Сёлета і на школьную практыку разам – так брат хутчэй яе адпрацуе. Рабяты, акрамя іншага, калекцыяніруюць незвычайныя па форме і колеры камяні. “Дзе толькі знаходзяць такія?” – дзівіцца маці. Двухгадовая Надзя любіць назіраць, як мама Марына вышывае ці вяжа шыдэлкам, і абавязкова дапамагае, калі тая кулінарыць. А на дзень нараджэння кожнага члена сям’і ўласнымі рукамі выпякаецца торт.

Утульны дом, сад, пасаджаны дзеля дзяцей і разам з імі, агульныя інтарэсы і захапленні – вось яны, цаглінкі шчасця і гармоніі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *