“Жарабковічы” прыраслі “Канюхамі”
У гісторыі калгаса “Беларусь”(цяперашняга СВК “Жарабковічы”) ужо быў такі час, калі вёска Канюхі ўваходзіла ў склад гэтай гаспадаркі. Пасля таго, як канюхоўцы сталі спецыялізавацца на авечкагадоўлі, брыгада аддзялілася ад калгаса і набыла статус самастойнай гаспадаркі. Калгас ”Дружба” (пасля СВК “Канюхі”) быў адным з лепшых у раёне.
Авечкагадоўля па-ранейшаму застаецца тут асноўнай вытворчасцю, хоць у Канюхах добра развіта і раслінаводства, асабліва паспяхова тут вырошчваюць лён, збожжавыя і зернебабовыя культуры. Але дзякуючы іменна авечкагадоўлі (гаспадарка доўгі час была адзінай у рэспубліцы з такой спецыялізацыяй) невялікая вёска Канюхі стала вядомай далёка за межамі раёна.
З пункту гледжання эканомікі, авечкагадоўля ніколі не была справай асабліва прыбытковай. Каб трымацца на плаву, неабходна нарошчваць пагалоўе, абнаўляць статак, рэканструяваць жывёлагадоўчыя памяшканні і г. д. На ўсё патрэбны немалыя сродкі. СВК “Канюхі” гэта аказалася не па сілах, паўстала пытанне аб далучэнні да эканамічна больш моцнай гаспадаркі.
Ужо сёння Канюхі – вытворчы ўчастак СВК “Жарабковічы”, узначальвае яго Уладзімір Адаська. Як расказаў старшыня сельгаскааператыва Віталій Бусько, авечкагадоўля застанецца тут асноўным накірункам дзейнасці. Прычым, ёсць сур’ёзныя намеры вывесці гэтую галіну ў разрад прыбытковых. Плануецца павялічыць атару, завесці на гадаванне новыя перспектыўныя пароды. Неўзабаве пачнецца рэканструкцыя старых і будаўніцтва новых аўчарняў.
СВК “Жарабковічы” пасля ўзбуйнення “прырос” яшчэ на 1165 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 808 – ворыва. Цяпер плошча яго сельгасугоддзяў 9164 гектары – другая па велічыні гаспадарка ў раёне.
Аліна ЛАПІЧ.