Мы ў вас верым. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы ў мінулую пятніцу прагучаў апошні званок /фота/
Вось ён і настаў, гэты шчымлівы, радасна-трывожны і адказны дзень. Да моманту атрымання дыпломаў нашы навучэнцы прайшлі доўгі і няпросты шлях. Для кагосьці ён доўжыўся 3 гады, а для некага амаль 4. За гэты час яны пасталелі, набылі трывалыя веды, авалодалі практычнымі ўменнямі і навыкамі, атрымалі прафесію і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Дзяржава гарантуе ім першае працоўнае месца. У тых, хто жадае вучыцца далей, ёсць магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю на дзённай ці завочнай формах навучання. На нашых выпускнікоў вялікія надзеі ўскладаюць і работадаўцы, і педагогі, і бацькі.
…Фанфары абвясцілі пачатак цырымоніі. Па імправізаванай чырвонай дарожцы адна за другой ішлі выпускныя групы на чале з куратарамі Жаннай Дрэнчык, Ларысай Мацейчык, Таццянай Прыхач, Наталляй Барысавай, Сяргеем Багдановічам, Аксанай Ліхач, Анатоліем Ілюкевічам. Падтрымаць і павіншаваць сваіх дзяцей прыехалі бацькі.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, які шмат гадоў узначальваў каледж і многіх з сённяшніх выпускнікоў вучыў, уручыў дыпломы з адзнакай лепшым: Андрэю Бягезу, Дзмітрыю Беразоўскаму, Ірыне Александровіч, Андрэю Лопуху і Юліі Пятровай. Іх бацькам, дарэчы, накіраваны падзячныя лісты. Кіраўнік раёна пажадаў выпускнікам быць не толькі добрымі спецыялістамі і ўносіць важкі ўклад у развіццё АПК краіны, але і сумленнымі людзьмі, на якіх можна спадзявацца ў любой сітуацыі.
Да выпускнікоў з наказамі звярнуліся дырэктар ЛДАКа Алена Абарава, благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгій Жытко.
Дырэктар установы і загадчыкі аддзяленняў Ірына Чура, Таццяна Парэйка, Аляксандр Мацюшэнка ўручылі выпускнікам дыпломы, а намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікалай Дабрыянец – каштоўныя падарункі членам дружыны аховы грамадскага правапарадку ў каледжы – Андрэю Ахрыменю, Арцёму Зуйкевічу, Мікалаю Лысюку, Дзмітрыю Петруковічу, Дзмітрыю Беразоўскаму, Дзмітрыю Цвірко.
Слова ад выпускнікоў трымала Кацярына Ярашук. Яна не стрымлівала шчырых слёз і падзякавала ўсім, хто меў дачыненне да станаўлення каляджан як спецыялістаў і людзей.
Са словамі падзякі калектыву каледжа і віншаваннямі выпускнікам звярнулася выпускніца заатэхнічнага аддзялення Наталля Кулак.
Быў прыгожы вальс. Узляцелі ў неба 139 зялёных, чырвоных і белых шароў. Як сімвал пачатку новага дарослага жыцця.
Шматлікія фота на памяць, словы развітання, падзякі, смех і слёзы…
Бывай, любімы каледж!
Намеснік дырэктара ЛДАКа па вучэбнай рабоце
Ірына ПРЫСТУПА-ЮНІК.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.