Асоба паважаныя персоны. І не трэба скептычных усмешак – гэта пра тых, хто расціць хлеб наш надзённы

Старшыня, намеснік старшыні і галоўны аграном.

СВК “Ляхавіцкі” – адрас шчаслівага спалучэння дружалюбнасці , гасціннасці, працавітасці тутэйшых людзей і важкасці, у добрым сэнсе, рэзананснасці іх спраў і здабыткаў. А можа і не спалучэнне гэта, а логіка ў чыстым выглядзе, калі шматлікія складальнікі сінтэзуюцца ў вынік, у даным выпадку – эканамічна трывалы, вытворча ўзорны, суб’ектыўна дасканалы. Сярод гэтых складальнікаў і перадумоў ці не вырашальная роля належыць прозвішчу Вітко, віткоўскім почырку, характару, загартоўцы, прафесіяналізму, сумленнасці. Можна доўга пералічваць тое, чым яны ўражваюць, выклікаюць захапленне, але каб не з’явілася думка пра ходкія кампліменты, зазначу: галоўнае тут – сапраўднасць і прыстойнасць. Без гучных слоў – але вартымі справамі, без квяцістых абяцанняў – але з дзейсным разуменнем, клопатам, дапамогай. Сямейным віткоўскім прызначэннем стала дбаць пра хлеб надзённы для людзей.

…Пашанцавала “Ляхавіцкаму”: у яго ёсць Вітко. Пашанцавала Вітко: у яго ёсць “Ляхавіцкі”. Размова пра старшыню і сельгаскааператыў, пра гаспадара і гаспадарку. Ён – адзін з лепшых у раёне, вобласці, краіне. Яна — таксама, не аднойчы гучала сярод перадавых у спаборніцтве на Брэстчыне, у рэспубліцы. І прагучыць яшчэ, таму што працуе тут калектыў, а не выпадковыя людзі. І заслуга ў гэтым найперш кіраўніка. Здолеў, змог Аляксандр Іванавіч стварыць каманду аднадумцаў, якіх аб’ядноўвае мэта і разуменне што для дасягнення яе не ўсе сродкі добрыя, а толькі самыя аптымальна выніковыя. Старэйшы ў раёне старшыня лепш за іншых і хутчэй за іншых усвядоміў: новыя інтэнсіўныя тэхналогіі – не проста ў прафесіянальным сэнсе актуальна і цікава, але і эканамічна выгадна. Дарэчы, з такім падыходам ён працуе з першага пасляінстытуцкага дня.

Ці думаў, калі праз пару месяцаў работы ва ўкраінскім калгасе пасля заканчэння Палтаўскага сельгасінстытута вярнуўся дамоў у Ляхавіцкі раён, што яму наканавана вялікая паспяховасць у адказ на вялікую працу, што ён і жонка Раіса Іванаўна, заатэхнік-селекцыянер, прафесіянальны працяг атрымаюць у дзецях, унуках…Што цэлая дынастыя вельмі граматных спецыялістаў пойдзе ад віткоўскіх каранёў…Што ні з чым не параўнальнае відовішча даспяваючай хлебнай нівы назаўсёды стане лепшым з пейзажаў для ўсіх іх…

Бацькі Аляксандра Іванавіча зямлю любілі бязмежна і аддавалі ёй нястомную працу рук сваіх. Галаўнінскія старажылы памятаюць іх дагэтуль. Сын пайшоў па іх слядах, але далей, але вышэй. І стаў Заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь: адпаведны Указ Прэзідэнт краіны падпісаў 23 студзеня 2006 года. Не самыя ўрадлівыя землі “Ляхавіцкага” даюць рэкордныя ўраджаі збожжа, кукурузы, бульбы. Тут самыя ўдойныя кароўкі, важкія прывагі статка. Не адразу, не за адзін год так сталася. Крок за крокам, справа за справай.

На сустрэчы сямейных дынастый у Мінску Брэстчыну прадстаўлялі Аляксандр, Раіса, Іван Вітко, Аляксандр Шымкевіч.

—Жывём. Працуем, — звычайна адказвае нешматслоўны Аляксандр Іванавіч на пытанне, як справы ў гаспадарцы. Не стаўлю мэтай пералічыць усе поспехі “Ляхавіцкага” і яго старшыні. На гэты раз – толькі пра яскравую асабістую акалічнасць, назва якой – сямейная справа Вітко, іншымі словамі – дынастыя. У апантаных работай людзей гэта атрымліваецца. Як само сабой зразумелае.

…Побач з імем славутага старшыні ніколі не гублялася і не гучала прыцішана імя Раісы Вітко. Такім заатэхнікам-селекцыянерам, як яна, пахваліцца магла рэдка якая гаспадарка. Аднакурсніцу з украінскай вёскі Дабранка студэнт-беларус запрыкмеціў адразу. Яна таксама з сялянскай сям’і: маці працавала ў калгасе звеньявой, бацька, удзельнік вайны, быў механізатарам. А тры сястры (адна з іх Рая) атрымалі сельскагаспадарчую адукацыю. Дык вось, сённяшняя жывёлагадоўчая паспяховасць “Ляхавіцкага” многім абавязана Раісе Іванаўне. Нястомна, па-навуковаму, з веданнем справы яна займалася селекцыяй статка. Адзнаку гэтым намаганням паставіў час: выдатна.

А яшчэ на яе плечы ляглі галоўныя для кожнай жанчыны клопаты — пра сям’ю, пра дзяцей. Іх у Вітко трое. І калі малымі былі, у школьным узросце, калі падрасталі, вучыліся, дочкам і сыну патрэбны былі маміны клопат, увага і пяшчота. Бацька на рабоце – то пасяўная, то жніво, то падрыхтоўка тэхнікі, то новае будаўніцтва – дзень старшыні не абмяжоўваецца васьмю гадзінамі.

Шчаслівыя бабуля і дзядуля з унукам Максімам

— Рада, што нашы дзеці сумленна працуюць, унукі падрастаюць і старэйшы ўжо, як гавораць, на сваім хлебе. Тут жа ў “Ляхавіцкім” і сын Іван з сям’ёю, і ўнук Аляксандр – дачцын сын, — гаворыць Раіса Іванаўна. Яна наводзіла парадак на градках, калі фотакар раёнкі завітаў ва ўтульны дворык, дзе квітнеюць пышныя ружы і лілеі, у цяпліцы наліваюцца летам памідоры, у агародзе – усё, што і павінна там расці. На такім фоне атрымаўся выдатны кадр: шчаслівыя дзядуля і бабуля з меншым унукам – пецярбуржцам Максімам.

—Наташын сынок, — гавораць. Паколькі Наталля доўгі час працавала ў журналістыцы, “фотакорыла”, гэта кірпатая, усмешлівая “акалічнасць” не праходзіць міма нашай увагі. Цудоўны хлопчык.

Асаблівая ж старонка сямейнай віткоўскай сагі пішацца Іванам Вітко. Такім сынам бацькі маюць права ганарыцца. Думаю, што ў душы Аляксандра Іванавіча і Раісы Іванаўны гэты гонар прысутнічае, але знешне яны надзвычай сціплыя ў праяўленні пачуццяў.

Неяк непрыкметна і вельмі хутка, нягледзячы на маладосць, стаў Іван Аляксандравіч аўтарытэтным спецыялістам і паважаным кі-раўніком. Амаль год як на пасадзе намесніка старшыні СВК “Ляхавіцкі”. А дагэтуль працаваў галоўным агра-номам. Ды як працаваў! Двойчы прызнаваўся лепшым у рэспубліцы, колькі разоў – у вобласці. Ня-даўна медалём “За працоўныя заслугі” узнагароджаны. Здаецца, пра складальнікі ўрадлівасці палёў ён ведае ўсё і нават больш. Скончыў Горацкую сельгасакадэмію: вучыўся, а не ад сесіі да сесіі час бавіў. Работа поплеч са знакамітым бацькам – не палёгка, а наадварот, высокая планка. Сёння яму ўжо нічога не трэба даказваць на тэму самадастатковасці: у Івана ёсць вопыт, які не дадатак да дыплома, а, можна сказаць, другі дыплом — за практыку, і ёсць веды, што няспынна папаўняюцца. Вынікі? Глядзіце вышэй, дзе нагадвалася пра паспяховасць гаспадаркі.

Аляксандр і Анастасія Шымкевічы: усё ў іх атрымаецца!

— Вельмі важна не толькі засвоіць тэорыю спецыяльнасці, перадавыя тэхналогіі вытворчасці, усемагчымыя нормы і патэнцыял. Не менш важная навука ўзаемаадносін – з калегамі, падначаленымі, уменне знайсці агульную мову. Перакананы, што ўсё залежыць, у першую чаргу, ад людзей, разважае прыемны і па-віткоўску нешматслоўны Іван Аляксандравіч. Ён, бы камп’ютар, у момант выдае інфармацыю, пра якую цікаўлюся. А цікаўлюся наконт аптымальных, эканамічна абгрунтаваных і выгадных паказчыкаў. Аказваецца “самае тое” для СВК “Ляхавіцкі” — ураджайнасць зерневых каля 60 цэнтнераў з гектара, бульбы — 350, надой ад каровы – 7500 кілаграмаў. Па-сутнасці, ураджайнасць у гаспадарцы бывала і вышэйшай, а што датычыць малочнага пытання, то сёлета якраз сем з паловай тон на рагулю чакаецца.

Ну што можна дадаць? Іван лічыць, што эканамічная адукацыя не была б для яго лішняй. Думаю, яе Вітко-малодшы атрымае. Настойлівасці яму не займаць.

А цяпер школу дзеда і школу дзядзькі праходзіць поплеч з імі і яшчэ адзін з роду Вітко – Аляксандр Шымкевіч. Унук Аляксандра Іванавіча ўлюбёны ў зямлю і мае намер зрабіць яе яшчэ больш урадлівай і шчодрай. Дарэчы, — разам з Насцяй Шымкевіч, жонкай і калегай у адной асобе. Яны абое скончылі Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, паступілі ў Гродзенскую сельгасакадэмію і дыпламаванымі спецыялістамі прыехалі ў СВК “Ляхавіцкі”. Аляксандр — галоўны аграном, Анастасія – аграном-насенневод. Паглядзіце на юныя, прыгожыя, шчаслівыя твары на здымку – усё атрымаецца ў іх!

…Хлеб – імя існае. Ва ўсе часы гэта — аксіёма. А людзі, якія яго вырошчваюць, — асоба паважаныя персоны. І не трэба скептычных усмешак. Дай божа нікому і ніколі не адчуць і не зведаць, як гэта – без хлеба. А колас наліваецца сонцам і клопатам рук увішных, цеплынёй сэрцаў шчодрых, спрадвечным сялянскім усведамленнем: трэба.

Дынастыя Вітко была адной з чатырнаццаці, запрошаных на сустрэчу ў Рэспубліканскім Палацы культуры ветэранаў, ініцыяваную федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Ці патрэбен большы доказ павагі і пашаны да нашых цудоўных землякоў?! Ганарымся!

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *