Зацікаўлены дыялог. У Ляхавічах пабывала дэлегацыя з Лэнчыцкага павета Польшчы

Дэлегацыя Лэнчыцкага павета сустрэлася з кіраўнікамі выканаўчай і заканадаўчай улады раёна.

Наладжаныя напрыканцы мінулага года партнёрскія сувязі паміж Ляхавіцкім раёнам і Лэнчыцкім паветам Польшчы сёлета мелі плённы працяг. Напачатку мая дэлегацыя Ляхавіччыны на чале са старшынёй райвыканкама Вячаславам Сельмановічам з рабочым візітам наведала краіну-суседку. А крыху раней навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа пабывалі на практыцы ў фермерскіх гаспадарках у Лэнчыцкім павеце.

І вось новая сустрэча, на гэты раз на гасціннай ляхавіцкай зямлі. Сакратар стараства павятовага ў Лэнчы Збігнеў Лешэк Домбэк, войт гміны Людвін Анджэй Марцін Хабрас і ўладальнік гадавальніка дэкаратыўных раслін Тадэвуш Шпакоўскі прыехалі ў наш райцэнтр не толькі з дзелавым візітам, але і каб разам з беларускімі сябрамі сустрэць галоўнае свята нашай краіны – Дзень Рэспублікі і 70-годдзе вызвалення краіны ад фашысцкіх захопнікаў.

У першы дзень візіту 2 ліпеня члены польскай дэлегацыі сустрэліся са старшынямі райвыканкама і райсавета Вячаславам Сельмановічам і Яўгеніем Юрлевічам. Вітаючы гасцей, кіраўнік раёна адзначыў: “Прыемна бачыць вас у Ляхавічах. Важна, што сяброўскія і культурныя стасункі паступова перарастаюць у дзелавыя адносіны, канкрэтныя агульныя справы. А наперадзе – новыя кантакты і ўзаемавыгадныя кантракты. Упэўнены, што кожная наступная сустрэча будзе дапамагаць вырашэнню канкрэтных пытанняў у розных галінах вытворчасці і сацыяльнай сферы”. Пра абмен вопытым, наладжванне партнёрскіх сувязяў вёў размову і кіраўнік дэпутацкага корпуса Ляхавіччыны.

Праграма сустрэч была вельмі насычанай і разнастайнай. У сераду польская дэлегацыя пазнаёмілася з выставамі работ выхаванцаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва “Апалон” і наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Уразіла гасцей экскурсія па Ляхавіцкім малочным заводзе. Чарговы раз дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі выслухаў нямала захопленых водгукаў і пра мадэрнізацыю прадпрыемства, і пра якасць выпускаемай прадукцыі.

Госці наведалі шэраг аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, у прыватнасці, сядзібу Бохвіцаў у Флер’янове і парк “Рэпіхава”. Пабывалі палякі ў касцёлах у Ляхавічах і Дараве. Аздараўленчы лагер “Чайка” і ўвогуле заслужыў самую высокую ацэнку з боку гасцей: спадабалася ўсё – ад маляўнічай прыроды да насычанай праграмы дзіцячага адпачынку.

Шмат уражанняў у замежных гасцей выклікала святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і вызвалення краіны ад фашыстаў. Неаднойчы яны адзначалі патрыятызм, любоў з якой ляхавічане — дзеці і дарослыя — ставяцца да свайго краю, тое, наколькі беражліва ўшаноўваюць подзвіг народа ў гады вайны.

Зацікаўлена прайшла сустрэча з прадстаўнікамі прыватнага бізнесу. Ляхавіцкі бок прадстаўлялі дырэктар ТАА “Трансэлектракамплект” Генадзій Сакуць і кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Уладзімір плюс” Валерый Радзюк, а таксама старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч. Была выказана прапанова аб абмене бізнес-пляцоўкамі.

Ёсць цікавыя перспектывы і ў далейшым культурным і адукацыйным партнёрстве. У прыватнасці, абмяркоўвалася арганізацыя вольнага часу дзяцей і магчымасць адпачынку рабят з Польшчы ў нашай “Чайцы”, а ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак – у польскіх летніках.

Тадэвуш Шпакоўскі, у гадавальніку якога працавалі падчас вытворчай практыкі навучэнцы ЛДАКа, не стрымліваў захаплення ад каляджан, падкрэсліў адказнасць, жаданне і ўменне працаваць, выдатную тэарэтычную базу падрыхтоўкі будучых аграрыяў, выказаў жаданне і ў наступным годзе прыняць у сябе практыкантаў.

Не аднойчы на працягу візіту члены польскай дэлегацыі адзначалі, што надзвычай уражаны гасціннасцю, адкрытасцю, шчырасцю і добразычлівасцю жыхароў Беларусі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *