Кармавая кухня. У Ляхавіцкім раёне актыўнымі тэмпамі ідзе корманарыхтоўка
Доўгія выхадныя, што ўтварыліся дзякуючы календару і так званаму фактару аптымізацыі працоўнага часу, распаўсюджваліся не на ўсіх. У раскладзе работнікаў сельскай гаспадаркі, у прыватнасці, такі тайм-аўт не прадугледжаны. Многае рашаецца на старце ліпеня, многа клопатаў прыпадае на адзінку часу. Напрыклад, на працягу некалькіх дзён давялося назіраць “трафік” ільноцерабілак ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”: на поле – каля 9 гадзін раніцы, у такі ж час вечарам – у зваротным накірунку. Па падліках на 7 ліпеня, вынікам такіх працоўных намаганняў стала больш за 250 выцерабленых ільногектараў.
На гэтыя ж дні прыйшлося і адкрыццё зернеўборачнага сезона СВК “Шлях новы” і ЗАТ “Белпрампрыбор”. Названыя гаспадаркі з’яўляюцца сёлета адзінымі ў раёне ўладальнікамі палеткаў азімага ячменю. У параўнанні з іншымі зерневымі ён скараспелка, першым трапляе пад нож камбайна. Як расказаў галоўны спецыяліст па кормавытворчасці і меліярацыі райсельгасхарчу Ігар Яварчук, культура цікава яшчэ і з прычыны таго, што можа разглядацца ў якасці своеасаблівага палігона для “баявога” выпрабавання збожжаўборачнай тэхнікі, сушыльнай гаспадаркі. Такое тэсціраванне дае магчымасць вызначыцца з многімі “балячкамі”, выправіць якія яшчэ магчыма да пачатку масавага жніва.
З-за таго, што хуткае ўжо жніво адцягне на сябе ўсе сілы сельгаспрадпрыемстваў, па словах спецыяліста, неабходна максімальна інтэнсіфікаваць корманарыхтоўку. На мінулы панядзелак, у раёне другім укосам скошана 45 працэнтаў запланаваных плошчаў. Але відавочна стракатасць: у асобных – пад 70 працэнтаў, у некаторых – усяго толькі 25. Аналізуючы статыстыку райсельгасхарчу, звяртаеш увагу на лідарскія пазіцыі, здавалася б, аўтсайдараў. Па паказчыку нарыхтоўкі кармоў у разліку на ўмоўную галаву жывёлы першынство за “Востравам-Агра” — 15,94 цэнтнера кармавых адзінак. У “Ліпнянкі” – 15,42, “Ляхавіцкім” – 12,07, “Тальмінавічах” – 11,71. Адной з прычын узлёту Ігар Яварчук лічыць факт арганізацыі і зладжаную работу зводнага корманарыхтоўчага атрада. Райаграсэрвіс – у якасці лакаматыва, сумесна і ў дапамогу Востраву, Ліпску, Тальмінавічам. Некалькі алагічнай здаецца апошняя пазіцыя СВК “Жарабковічы”. Пры сярэднераённай лічбе 8,91, у гэтай гаспадарцы нарыхтавана ўсяго 4,3 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Як канставаў спецыяліст, выйсці на рэкамендаваную формулу – па 50 працэнтаў сена-сенажу і столькі ж сіласу ў агульным аб’ёме корманарыхтовак гаспадарка не зможа.
Іван КАВАЛЕНКА.