Ляхавіцкае райпо праманіторылі
У мінулы панядзелак адбылося пазачарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Адзінае пытанне, якое разглядалася на парадку дня, — якасць гандлёвага абслугоўвання насельніцтва прадпрыемствамі Ляхавіцкага райпо.
Нагодай для пасяджэння сталі вынікі маніторынгу аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, праведзенага спецыялістамі Белкаапсаюза 29 чэрвеня гэтага года. У поле зроку, у прыватнасці, трапілі гарадскія магазіны “Мясная лаўка”, “Радуга”, рэстаран “Ластаўка”, закусачная “Піцэрыя”, летняе міні-кафэ, мясны павільён рынка, кулінарыя “Ласунак”.
У выніку праверкі выяўлены факты парушэння ўзгодненых з райвыканкамам рэжымаў работы некаторых аб’ектаў. Напрыклад, на “Піцэрыі” вісела аб’ява “закрыта на спецабслугоўванне”, на самай справе прадаўца не аказалася на рабочым месцы. Не працавала і “Ластаўка”.
Не абышлося без заўваг па санітарным стане магазінаў і аб’ектаў грамадскага харчавання. Іх атрымалі, у прыватнасці, “Мясная лаўка”, летняе міні-кафэ. Не захоўвалася таварнае суседства прадукцыі ў халадзільных вітрынах, былі адзначаны і іншыя недахопы ў “Ласунку”.
Адсутнасць цэннікаў, тавараў з лагатыпам Белкаапсаюза, небагаты асартымент прадукцыі – далёка не поўны пералік выяўленых парушэнняў. Прычым, на іх неаднойчы ўказвала адказным асобам райпо і раённая ўлада.
Як праінфармаваў райвыканкам старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч, усе згаданыя парушэнні ўхілены. Работнікі, якія дапусцілі іх, прыцягнуты да адказнасці.
Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, падобныя парушэнні — вынік нядбайных адносін да выканання сваіх абавязкаў прадаўцоў, загадчыкаў вышэйназваных аб’ектаў, ёсць прэтэнзіі і да кіраўніцтва райпо. Не трэба значных фінансавых затрат, каб памыць і прыбраць унутры памяшкання, прыгожа і правільна раскласці тавар, аформіць цэннікі і сустракаць наведвальнікаў ветліва і ў чыстым спецадзенні. А разнастаіць асартымент – праз вывучэнне пакупніцкага попыту. Толькі чамусьці гэтыя простыя і даўно вядомыя аксіёмы не прыжываюцца ў некаторых аб’ектах райпо…
Аналагічны маніторынг чакаў і прадпрыемствы райпо ў сельскай мясцовасці.
Галіна КАНЬКО.