Ляховичские милиционеры подвели итоги работы за 1 полугодие

Падвесці вынікі аператыўна- службовай дзейнасці за першае паўгоддзе, падкарэкціраваць планы на бліжэйшую перспектыву сабраўся практычна ўвесь асабовы састаў аддзела ўнутраных спраў.

Як адзначыў начальнік РАУС Аляксандр Ермакоў, сумесныя дзеянні з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі арганізацыямі, прафілактыка дазволілі падтрымліваць у раёне грамадскі парадак і бяспеку, аператыўна рэагаваць на звароты. Аднак, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года адзначаецца павелічэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў больш як на трэць (з 68 да 92).

Першы намеснік начальніка РАУС Аляксандр Бурбіцкі агучыў паказчык раскрывальнасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку (а іх 64 працэнты ад агульнай колькасці). За 6 месяцаў ён склаў 80,4 працэнта (летась — 77,6 працэнта).

Дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх службаў РАУС, знізілася колькасць учыненых крадзяжоў, але яны па-ранейшаму застаюцца самым распаўсюджаным злачынствам (амаль 60 працэнтаў ад агульнай колькасці зарэгістраваных). Пакінутая без нагляду маёмасць, аўтамабілі на неахоўваемых стаянках і ў дварах, залішняя даверлівасць насельніцтва да незнаёмых асоб, неналежная тэхнічная ўмацаванасць месцаў для захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей – спакуса для зладзеяў.

З пачатку года супрацоўнікі РАУС раскрылі 2 злачынствы па лініі незаконнага абароту наркотыкаў і супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Канфіскавана і знішчана 1,4 грама псіхатропнага рэчыва.

Намеснік начальніка крымінальнай міліцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Стральчэня звярнуў увагу на неабходнасць правядзення планамернай і сур’ёзнай работы па лініі наркакантролю, барацьбы са злачыннасцю ў сферы эканомікі.

– Карупцыя, злачынствы ў эканамічнай сферы падрываюць агульную бяспеку, – адзначыў Анатолій Аляксандравіч.

За 6 месяцаў 2014 года групай па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі выяўлена 4 злачынствы (адно карупцыйнай накіраванасці). Рэгулярна праводзяцца сумесныя рэйды з падаткавікамі, санслужбай і г. д. для выяўлення парушэнняў заканадаўства.

Згодна даных, агучаных начальнікам аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Раманам Лявонцьевым, кожнае трэцяе супрацьпраўнае дзеянне ўчыняецца асобамі ў стане алкагольнага ап’янення. За распіццё спіртных напіткаў, піва ў грамадскіх месцах ці за з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 334 чалавекі.

Выяўлена 13 фактаў, калі грамадзяне ўцягвалі непаўналетніх у супрацьпраўныя паводзіны.

Асаблівая ўвага надаецца аператыўна-прафілактычным мерапрыемствам па выяўленні фактаў парушэння антыалкагольнага заканадаўства. Міліцыянеры канфіска-валі і знішчылі 596 літраў самагону, 300 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці і 10 самагонных апаратаў.

Значную работу па забеспячэнні дарожнай бяспекі праводзяць супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. За паўгоддзе выяўлены 4004 парушальнікі дарожнага руху, у тым ліку 1520 ліхачоў, якія не захоўвалі скорасны рэжым. За кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення затрыманы 64 вадзіцелі. Складзена 749 пратаколаў за парушэнні ПДР пешаходамі.

Дзейнасць свайго падраздзялення прааналізаваў начальнік крымінальнага вышуку Ілья Байко.

Старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Дзмітрый Дыдышка акрэсліў прычыны, якія прывялі да росту падлеткавай злачыннасці.

Пра работу з асабовым саставам расказаў намеснік начальніка РАУС Сяргей Пажога, які ў той дзень атрымаў грамату УУС Брэсцкага аблвыканкама. Па выніках работы быў заахвочаны шэраг супрацоўнікаў.

На нарадзе вызначаны прыярытэтныя напрамкі аператыўна-службовай дзейнасці і задачы на другое паўгоддзе.

Намеснік начальніка крымінальнай міліцыі УУС аблвыканкама даў ацэнку дзейнасці райаддзела. Адзначыў, што калектыў Ляхавіцкага РАУС заўсёды характарызуецца са станоўчага боку, супрацоўнікі здольны вырашаць пастаўленыя перад імі задачы, забяспечваюць правапарадак на тэрыторыі раёна. Пра гэта гавораць і вынікі апытання, што праводзілася ў раёне ў першым паўгоддзі: 36,8 працэнта землякоў поўнасцю давяраюць міліцыі, 63,7 працэнта гатовы ёй дапамагаць. 70,8 працэнта апытаных адзначылі прафесіяналізм і ўважлівасць супрацоўнікаў РАУС.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *