Актыўныя канікулы ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак /фота/
Што за канікулы без спорту! — перакананы рабяты, якія адпачываюць у профільным фізкультурна-спартыўным лагеры «Колас» пры Ляхавіцкай ДЮСШ. У адрозненне ад школьных урокаў, летам яны не развітваюцца з фізкультурай, а з задавальненнем праводзяць вольны час у спартыўных залах і на стадыёне, вынікова трэніруюцца. Для гэтага ў кругласутачным летніку, які больш за 10 гадоў запар гасцінна расчыняе дзверы для хлопчыкаў і дзяўчынак, створаны ўсе ўмовы. Як расказала дырэктар ДЮСШ Валянціна Русакевіч, сёлета за 4 змены (кожная доўжыцца 9 дзён) тут адпачнуць 165 юных спартсменаў ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў. Кошт пуцёўкі на адну змену – 690 тысяч рублёў, з якіх 173 тысячы рублёў складае бацькоўская даплата. Для рабят, якія выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях, такі адпачынак і ўвогуле бясплатны.
Спальны корпус лагера размешчаны ў ДЮСШ, што дазваляе рабятам трэніравацца, адпачываць і жыць у адным месцы. А вось каб апетыт, на які рабяты і так не скардзяцца, яшчэ больш разгуляўся, падсілкавацца дружна ходзяць у сталоўку СШ № 1 (першыя дзве змены харчаваліся ў СШ № 2). Харчаванне для спартсменаў пяціразовае — каларыйнае і смачнае: сняданак, абед, поўднік, дзве вячэры.
Зараз у “Коласе” – трэцяя змена. І адпачываюць тут 42 хлопчыкі і дзяўчынкі, у пераважнай большасці гараджане, але ёсць рабяты са Свяціцы і Мядзведзічаў.
– Усе нашы падапечныя вельмі актыўныя, ініцыятыўныя, дружныя, спартыўныя (без гэтага ў лагеры ніяк), цікаўныя і гарэзлівыя. Працаваць з імі адно задавальненне, — гаворыць начальнік лагера гэтай змены, а па сумяшчальніцтве трэнер ДЮСШ па гандболе Аксана Лойка.
На першай і другой зменах летнік узначальвалі трэнер Рашыд Байрашэўскі і інструктар Валянціна Ганчарык.
Акрамя заняткаў спортам з трэнерамі (двойчы на дзень у абавязковым парадку праводзяцца вучэбныя трэніроўкі), рабяты ўдзельнічаюць у разнастайных пазнавальных, забаўляльных праграмах і конкурсах. Спартландыі, “алімпійскія” гульні, спартакіяды, камбінаваныя эстафеты – неад’емная частка адпачынку. Надзвычай багаты запас гульняў, цікавых спраў і сустрэч – у арсенале трэнераў і выхавальнікаў (у асноўным гэта педагогі і студэнты ВНУ). Запамінальна праходзяць урачыстае адкрыццё і закрыццё змен, конкурсы “Міс лагера” і “Містэр лагера”, інтэлектуальныя віктарыны.
Увогуле, цікавага і запамінальнага ў “Коласе” шмат. Нездарма рабяты ў адзін голас сцвярджаюць: “Тут здорава!”. А яшчэ весела, добра, утульна. Дарэчы, многія юныя спартсмены прыходзяць у лагер штогод. Сёлета, як звычайна, у “Коласе” не ўзнікла праблем з наборам адпачываючых на ўсе змены.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.