Залатыя тысячы. У Ляхавіцкім раёне ўшаноўвалі першых «тысячнікаў» /фота/
Шчодрая хлебная ніва і шчырая праца хлебаробаў – так умацоўваецца харчовая бяспека краіны.
Напружаную працу экіпажа збожжаўборачнага камбайна ЗАТ “Белпрампрыбор” у панядзелак на кароткую паўзу паставілі госці, якія прыехалі павіншаваць адных з першых ”тысячнікаў” раёна. Палявы дуэт у складзе старшага камбайнера Міхаіла Зубіка і камбайнера Аляксандра Карпіевіча на камбайне КЗС -1218 намалаціў на той момант 1069 тон збожжа. На сёлетніх палетках, сцвярджаюць, гэта далёка не мяжа. Ураджайнасцю збожжавых у 47,1 цэнтнера з гектара ў гаспадарцы задаволены – ледзь не на 20 цэнтнераў з гектара перакрылі мінулагодні паказчык.
Са словамі віншавання з першым працоўным дасягненнем і падзякі за самаадданую працу да хлебаробаў звярнуўся старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Героі жніва трымаліся сціпла, хоць падстава для гонару – відавочная. Міхаіл Зубік ужо трыццаты сезон убірае збожжавыя на галаўнінскіх палетках. Для Аляксандра Карпіевіча сезон хоць і першы, але выніковы. Лепшыя камбайнеры атрымалі каштоўныя падарункі. І не толькі ад кіраўніка раёна. Добрыя словы і пажаданні ў адрас перадавікоў прагучалі ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалая Вайцешыка.
Наступны прыпынак – на хлебным полі ЗТАА”БелДан”. Тутэйшы камбайнер Максім Горбік – безумоўны лідар на жніве ў раёне не толькі сярод маладзёжных экіпажаў, але і ў старэйшай “узроставай” групе. Яго асабісты намалот на панядзелак – 1122 тоны збожжа.
Нягледзячы на малады ўзрост (усяго 25 гадоў), Максім – вопытны хлебароб, на жніве працуе сёмы сезон.
Лепшага камбайнера і па сумяшчальніцтве члена БРСМ павіншавала першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання Тамара Пракап’юк.
Яшчэ напрыканцы мінулага тыдня падарункі і віншаванні атрымалі вадзіцелі-тысячнікі.
А да апошніх жніўных акордаў – зусім няшмат часу. Надзвычай гарачага і адказнага.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.