У Ляхавіцкі аграрны каледж за прафесіяй
З 15 ліпеня ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы стартавала ўступная кампанія. Сёлета на агранамічнае (у тым ліку, спецыяльнасць плодаагародніцтва), заатэхнічнае, ветэрынарнае аддзяленні плануецца набраць 162 навучэнцы. Залічэнне ў каледж праводзіцца без экзаменаў па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.
ЛДАК – навучальная ўстанова, пра якую ведаюць далёка за межамі вобласці. І гэтаму садзейнічаюць не толькі традыцыйныя і распаўсюджаныя формы прафарыентацыі (агітацыйная работа сярод старшакласнікаў, інфарматыўны сайт і г.д.), але і самі выпускнікі, за якімі трывала замацавалася рэпутацыя добрых спецыялістаў. Вырашальнае значэнне для многіх абітурыентаў і іх бацькоў мае забяспечанасць усіх навучэнцаў інтэрнатам, дастойныя ўмовы навучання, стыпендыя і абавязковае працаўладкаванне пасля заканчэння вучобы.
– Сёння ў цэнтры ўвагі – абітурыенты, якія паступаюць на аснове базавай адукацыі. Яны могуць падаць дакументы на бюджэтную форму навучання па 31 ліпеня, – расказвае старшыня прыёмнай камісіі Сяргей Багдановіч. — Сёлета, як і ў мінулыя гады, самымі запатрабаванымі спецыяльнасцямі на аснове базавай адукацыі сталі агранамія і ветэрынарная медыцына. У выпускнікоў сярэдняй школы ў “фаварытах” агранамія і плодаагародніцтва. Найбольшы наплыў абітурыентаў чакаем пасля канчатковага залічэння ў ВНУ.
Усяго па стане на 29 ліпеня дакументы ў ЛДАК падалі 97 абітурыентаў, 5 залічаны па-за конкурсам.
Да 6 жніўня ў каледжы на бюджэтныя месцы чакаюць уладальнікаў пасведчанняў аб сярэдняй адукацыі. Залічэнне ў каледж на аснове базавай і сярэдняй адукацыі за кошт сродкаў бюджэту адбудзецца да 12 жніўня, на ўмовах аплаты – да 15 жніўня.
Старшыня прыёмнай камісіі адзначае добрую падрыхтоўку абітурыентаў: у многіх пасведчаннях аб адукацыі сярэдні бал 7 і вышэй. Максімальны — 8,3 — у дзяўчыны з Баранавіцкага раёна, якая напісала заяву на агранамічнае аддзяленне. Адметна, што пакуль з 22 жадаючых стаць ветэрынарнымі фельчарамі 11 рабят — з гарадскіх школ Баранавічаў.
Геаграфія будучых каляджан шырокая і ў той жа час традыцыйная – акрамя практычна ўсіх раёнаў Брэсцкай вобласці, прысутнічае і Мінская. Жадаюць атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў ЛДАКу 3 грамадзяніна Расіі, адзін — Украіны. Спасцігаць сакрэты прафесій збіраюцца абітурыенты ва ўзросце ад 15 да 28 гадоў.
Прыемна, што сярод абітурыентаў ЛДАКа нямала тых, для каго ён стаў “сямейнай” установай – у свой час яго закончылі бацькі, брат ці сястра, іншыя сваякі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.