У дзелавым рытме

На апаратных нарадах у старшыні райвыканкама абмяркоўваюцца самыя розныя надзённыя пытанні. На гэты раз ішла размова пра эфектыўнасць работы кінавідэасеткі раёна.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013” жыхарам райцэнтра быў зроблены выдатны падарунак – капітальна адрамантаваны і мадэрнізаваны кінатэатр “Кастрычнік”. У гэта ўкладзены немалыя дзяржаўныя сродкі, якія, безумоўна, павінны працаваць. Дырэктар кінавідэасеткі Юрый Александровіч праінфармаваў, што за 6 месяцаў паслугамі падначаленага яму прадпрыемства скарысталіся 32 тысячы чалавек, зароблена больш за 38 мільёнаў рублёў, што на 19 мільёнаў больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Запаўняльнасць залы за паўгоддзе склала 35 працэнтаў. Кіраўнік раёна даручыў актывізаваць работу, прадумаць новыя формы прыцягнення ўвагі насельніцтва да кінатэатра і паслуг кінавідэасеткі.

Пытанне добраўпарадкавання і навядзення належнага парадку на тэрыторыі раёна на пастаянным кантролі ўлады. Вячаслаў Сельмановіч звярнуў увагу старшынь сельвыканкамаў на праблемныя бакі шэрага населеных пунктаў, стан тэрыторыі сельсаветаў, на неабходнасць правядзення растлумачальнай работы з насельніцтвам і запрашэння яго да ўдзелу ў суботніках, навядзенні парадку не толькі на прысядзібных участках.

На апаратнай нарадзе ўздымалася яшчэ адна надзвычай актуальная тэма. Галоўны ветурач раёна Павел Сіцько нагадаў, што для недапушчэння распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней забаронена ўтрыманне свіней у асабістых падвор’ях грамадзян у 5-кіламетровай зоне ад свінагадоўчых комплексаў. У Ляхавіцкім раёне гэта забарона датычыць шэрага вёсак Крывошынскага і Востраўскага сельсаветаў. Таму райветстанцыя пачынае чарговае абследаванне домаўладанняў у гэтых населеных пунктах. Парушальнікам санітарна-ветэрынарных патрабаванняў пагражае штраф да 10 базавых велічынь.

На нарадзе ішла размова і пра выпадкі несанкцыянаванага будаўніцтва.

Акрамя таго, старшыня райвыканкама ўзгадніў новыя назначэнні кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна (да гэтай тэмы больш падрабязна «ЛВ» звернецца ў адным з бліжэйшых нумароў).

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *