Візіт да стаматолага


Першая. З моманту апошняга агляду прайшло паўгода. На зубах шмат пломб, калі жанчына цяжарная; жывяце ў мясцовасці, дзе не хапае фтору ці, наадварот, гэты элемент утрымліваецца з лішкам, рабіце візіт да стаматолага часцей – раз у тры месяцы.
Другая. Зубы хваравіта рэагуюць на халодную, гарачую, салёную, салодкую, кіслую ежу. Гэта можа быць праяўленнем карыесу ці павышанай адчувальнасці пры агаленні каранёў зубоў, дэфектах цвёрдых тканак (трэшчынах, адколах) ці іх сціранне.
Трэцяя. Крыватачывасць дзяснаў, што ўказвае на запаленчы працэс ці авітаміноз, але можа быць і адным з сімптомаў захворвання крыві ці цукровага дыябету. У гэтым выпадку стаматолаг накіруе на абследаванне да адпаведнага спецыяліста.
Чацвёртая. Пах з роту. Прычын шмат: карыес, зубадзясневыя кішэні, у якія набіваюцца і гніюць рэшткі ежы, старыя зношаныя пратэзы ці проста дрэнная гігіена поласці рота, а таксама рыхлыя міндаліны ці паніжаная кіслотнасць страўнікавага соку.
Выбірайце час
Лепш за ўсё ісці на прыём да стаматолага ў другой палове дня, калі адчувальнасць зубных нерваў набліжаецца да сутачнага мінімуму, а абязбольваючыя прэпараты дзейнічаюць больш працягла і эфектыўна. Жанчына, да таго ж, павінна зарыентавацца па сваім фізіялагічным календары: за тыдзень да крытычных дзён і ў крытычныя дні наведваць кабінет дантыста не варта. У гэты час прадстаўніцы слабай паловы чалавецтва абвострана ўспрымаюць боль і нават маленькія раны на дзяснах доўга крываточаць, узрастае рызыка неспрыяльных рэакцый. Цяжарным стаматолагі рэкамендуюць неабходнае лячэнне пачынаць з 14-15 тыдня цяжарнасці і да 28-га. Раней і пазней толькі ў выпадку вострай неабходнасці. А аптымальным варыянтам з’яўляецца санацыя поласці рота да наступлення цяжарнасці.
Як падрыхтавацца да лячэння
Дастаткова выканаць звычайныя гігіенічныя працэдуры: пачысціць зубы, каб у час агляду нішто не перашкаджала рабоце ўрача. Не ўжываць алкагольныя напіткі і не есці перад візітам да стаматолага часнок, цыбулю, любую іншую ежу, якая робіць дыханне не свежым. Не рэкамендуецца лячыць зубы на пусты страўнік. Не забудзьце пра чыстую насоўку ці папяровыя сурвэткі – яны могуць спатрэбіцца.
За паўгадзіны да прыёму ў стаматолага лепш прыняць абязбольваючы сродак. Калі пацыент дрэнна пераносіць боль, папярэдзіць яе дапаможа, напрыклад, таблетка анальгіну.
Дыхайце праз нос. Гэта правіла важна захоўваць у час стаматалагічнага лячэння. Псіхолагі выявілі, што пацыенты, якія хапаюць паветра ротам, больш востра рэагуюць на боль. Дыханне – чулы барометр, які адлюстроўвае эмацыянальны стан чалавека. У трывожным чаканні болю яно становіцца павярхоўным, няроўным, залішне частым, з-за чаго арганізм горш забяспечваецца кіслародам, а гэта толькі ўзмацняе душэўнае напружанне і болевую адчувальнасць. Заспакоіцца і аднавіць дыхальны рытм дапаможа нескладанае практыкаванне. Яго рэкамендуецца зрабіць перад тым, як увайсці ў стаматалагічны кабінет. Устаньце прама, павольна і глыбока ўдыхніце, злёгку выцягнуўшы жывот, затым паступова выдыхніце ўсё паветра, уцягваючы мышцы брушнога прэсу. Паўтарыце гэта практыкаванне 5-6 разоў.
Ала ПРАНЕВІЧ,
загадчыца стаматалагічнага
аддзялення райбальніцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *