Гвардзеец- паштальён

63 гады ў згодзе ідуць па жыцці Валянціна і Уладзімір Янушкевічы.

Гэты дом па вуліцы Першамайскай у Пад’язаўлі пакажа кожны. У дагледжаным двары мноства кветак, сам дом пафарбаваны ў яркія колеры, на адной са сцен — шыльда з надпісам “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны”.

На ганку гасцінна сустракаюць ветлівыя гаспадары Уладзімір і Валянціна Янушкевічы. Ужо на першых хвілінах знаёмства складваецца ўражанне, што ў доме пануе атмасфера павагі, узаемападтрымкі, клопату і, канешне ж, любві. Не дзіўна, бо сямейны стаж гэтай шчаслівай пары — 63 гады. І не толькі па жыцці разам Уладзімір Міхайлавіч і Валянціна Пятроўна, яны яшчэ і былыя калегі: разам працавалі паштальёнамі ў Альхоўскім аддзяленні паштовай сувязі, іх агульны прафесійны стаж таксама ўнушальны — 55 гадоў.

Напярэдадні свайго 90-гадовага юбілея (а нарадзіўся наш зямляк 10 жніўня 1924 года) Уладзімір Янушкевіч раз-пораз думкамі вяртаецца ў гады сваёй маладосці, абпаленыя вайной.

Наогул, лёс не песціў яго з дзяцінства. Ён адзін з васьмярых дзяцей, якія нарадзіліся ў сям’і Янушкевічаў і вельмі рана сталі сіротамі.

Так і жылі: старэйшыя даглядалі малодшых. Каму яшчэ мы былі патрэбныя? Працаваў з дзяцінства, не цураўся ніякай работы. Але паспеў яшчэ пры Польшчы закончыць 4 класы, — успамінае ветэран.

Якімі маладымі былі...

А потым была Вялікая Айчынная вайна. Уладзімір Міхайлавіч з хваляваннем прыгадвае, што было вельмі страшна, фашысты не шкадавалі ні старых, ні малых — акупацыйны рэжым паказаў усю жорсткасць знакамітага “нямецкага парадку”. Вось чаму з такой радасцю сустракалі доўгачаканае вызваленне.

Прыйшоў час прысягнуць на вернасць Радзіме многім беларускім юнакам, у тым ліку і 20-гадоваму Валодзю. Ён ірваўся на фронт — там ваяваў старэйшы брат Іосіф, як даведаўся пасля, у канцлагеры загінуў яшчэ адзін брат Вікенцій. Зусім кароткая “вучэбка” — і пачаўся адлік франтавых дарог кулямётчыка-наводчыка гвардзейца Янушкевіча ад Каўнаса да Кенігсберга. На вайне, як на вайне…

Пад Кенігсбергам фашысты супраціўляліся моцна. 16 дзён наш полк быў адрэзаны ад асноўных сіл. Горка было бачыць, як гінулі юнакі-землякі, з якімі разам прызываліся ў дзеючую армію. Толькі з Вадзяціна трое хлопцаў пахаваны там. І сёння, каб трапіў туды, паказаў бы месца, дзе іх напаткала смяротная куля, — расказвае Уладзімір Міхайлавіч, і вочы яго напаўняюцца слязамі.

Гвардзеец Уладзімір Янушкевіч з баявымі таварышамі.

А яму пашчасціла – хаця моцна параніла, але ўсё ж застаўся жывы. У шпіталі, куды даставілі кулямётчыка, адразу зрабілі аперацыю, але, як ні стараліся медыкі, дастаць асколак, які знаходзіўся ў няпоўным сантыметры ад сэрца, так і не змаглі. Патрабавалася яшчэ адна аперацыя, але салдат не даў на яе згоду:

Мой асколак хай застаецца пры мне. Буду ваяваць разам з ім і далей.

Ён заўсёды меў добрае пачуццё гумару, стараўся ў любой сітуацыі і пры любым раскладзе заставацца аптымістам.

Не паспеў Уладзімір паправіцца ад ранення, як па запасным палку, куды яго адправілі пасля шпіталя, пранеслася: “Ура! Перамога! Вайне канец!”. Усе абдымаліся, радаваліся, танцавалі, спявалі – шчасцю не было канца.

З арміі гвардзеец 156 гвардейскага стралковага Полацкага ордэна Кутузава палка дэмабілізаваўся ў сакавіку 1946 года. Пра той бой, дзе паранілі, нагадваюць асколак, які не, не ды і дае пра сябе знаць моцнымі болямі, і Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені за смеласць, мужнасць і стойкасць.

Пасляваеннае жыццё ветэрана цесна пераплецена з жыццём яго землякоў. Вярнуўся дамоў у Пад’язаўле, пачаў будаваць дом, сустрэў і каханне — сваю другую палавінку Валянціну, таксама тутэйшую.

Чаго цяпер утойваць, падабаўся я дзяўчатам. Медсястра са шпіталя нават плакала, калі мяне выпісвалі. А Валянціна мая, хоць і малодшая на 10 гадоў, адразу запала ў душу. Сэрцам адчуў, што гэта маё, — гаворыць Уладзімір Міхайлавіч і з усмешкай дадае: — Вось толькі росту яна была маленькага. Думаў, што падрасце. Але ж не падрасла…

Валянціна Пятроўна за столькі гадоў сумеснага жыцця да жартаў мужа прывыкла:

Мой Валодзя жартаваць любіць. А яшчэ ён добры, сціплы, ніколі не павышае голас, ва ўсім дапамагае, падтрымлівае.

Яна заўсёды вельмі клапацілася пра мужа, разумеючы, колькі няшчасця выпала на яго долю. Стала для яго і поварам, і цырульнікам, і памочнікам — самым галоўным і незаменным чалавекам. Такім застаецца і сёння. Як на вуліцы цёпла, яна тут жа: “Міхайлавіч, пайшлі на працэдуры – свежым паветрам дыхаць!”. І работу сваю — палявода — калісьці змяніла, дзякуючы мужу. Дапамагала яму разносіць пошту і атрымала прапанову таксама працаваць паштальёнам. Уладзімір Міхайлавіч дастаўляў газеты, часопісы, пісьмы, пенсіі, паштовыя пераводы ў 400 двароў Вадзяціна, Пад’язаўля і бліжэйшых хутароў, А Валянціна Пятроўна — па больш чым 500 адрасах у Альхоўцах, Петухоўшчыне, Задвор’і.

Хапала спраў і дома: трымалі вялікую гаспадарку, выхавалі траіх дзяцей, цяпер радуюцца 5 унукам і столькім жа праўнукам. Малодшыя пакаленні Янушкевічаў не забываюць бабулю і дзядулю, часта прыязджаюць і ў госці, і па гаспадарцы дапамагчы. Апошнім часам разам з бацькамі жыве сын Алег – надзейная апора і падтрымка. Не забываюць школьнікі, сацыяльная служба. Прадстаўнікі апошняй прыязджаюць, тэлефануюць, цікавяцца, ці патрэбна якая дапамога. Паабяцалі, што дапамогуць замяніць шыфер на даху.

На жыццё ветэран не скардзіцца, усім задаволены і лічыць, што цяпер жыць добра: пра пенсіянераў клапоцяцца, на пенсію няма чаго наракаць, побач блізкія і родныя людзі – жыві і радуйся.

Ганаруся тым, што ваяваў. Удзячны лёсу, што выжыў і доўга жыву, што ў мяне такая дружная і любячая сям’я. Радуюся кожнаму дню. Вось яно — шчасце! — сцвярджае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Янушкевіч.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

і з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *