Палявы калейдаскоп Ляхавіччыны

У  мінулыя выхадныя ў працаўнікоў СВК “Ляхавіцкі” быў ўзнёсла-радасны настрой – дажынкі! Камбайн убіраў апошнія гектары лубіну, падсумоўваліся намалочаныя тоны збожжавых і зернебабовых, падлічваліся ўбраныя плошчы: ураджайнасць на славу – 72 цэнтнеры з гектара! У гэты дзень вёска ўшаноўвала хлебаробаў, святкавалі ўсе, хто меў дачыненне да жніва. Наогул, уборачная кампанія ў раёне завяршылася, і прайшла яна паспяхова: новы хлебны каравай важкі.

Але, як любяць паўтараць работнікі сельгасвытворчасці, камбайн з поля – плуг у баразну. Адначасова з апошнімі жніўнымі акордамі пачаліся цюкаванне саломы і вываз яе з палеткаў. Каб не траціць дарагі час, вызваляюцца ад саломы найперш тыя ўчасткі пожні, дзе неадкладна патрэбна ўнесці гліфасаты (а гэта 7105 гектараў) і пачынаць падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых збожжавых і рапсу. Гэтай восенню належыць пасеяць больш як 3 тысячы гектараў рапсу і больш як 9 тысяч гектараў збожжавых культур. Між іншым, на разважанні і часу няма: уборка саломы павінна весціся ўвесь светлавы дзень, як і падрыхтоўка глебы пад сяўбу. Яшчэ не прыступалі да гэтай работы СВК “Тальмінавічы” і “Ліпнянка”. Як адзначае начальнік аддзела вытворчасці прадукцыі раслінаводства райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, на сёння гэтая задача найважнейшая. Хоць нельга выпускаць з поля зроку і іншыя работы, якіх восенню прыбаўляецца. Адна з іх – уборка льну. Пакуль што ўзнята траста з плошчы 250 гектараў і звезена ў шохі з 230 гектараў. На думку спецыяліста, актывізаваць работу іменна цяпер, значыць атрымаць невылежаную льнотрасту, бо ранкі, з-за гарачыні, бедныя на росы. Але гэтае пытанне патрэбна трымаць пад кантролем і, пад наплывам іншых тэрміновых работ, не забыць пра лён.

Сёлета з-за засухі адчуваецца недахоп травастою, таму падкормку грамадскі статак павінен атрымліваць абавязкова і як мага большы перыяд. Дарэчы, сёлета ў параўнанні з мінулай восенню, нельга так упэўнена, як летась, разлічваць на кукурузу: недабор ураджаю гэтай культуры будзе адчувальны. Іменна цяпер варта паклапаціцца пра сяўбу пажніўных культур, якія дадуць зялёную масу ў наступныя восеньскія месяцы.

Адным з праяўленняў сур’ёзнага падыходу да закладкі асновы будучага ўраджаю збожжавых з’яўляецца падрыхтоўка насення. Па словах Мікалая Каплынова, цяпер самы час некаторым гаспадаркам заключыць дагаворы з насенняводчымі сельгаспрадпрыемствамі – СВК “Ляхавіцкі” і “Шлях новы” – назапасіць пасяўны матэрыял. Асабліва гэта датычыць СВК “Тальмінавічы” і “Ліпнянка”.

Падыходзіць час уборкі бульбы. У СВК “Ляхавіцкі”, дзе ўжо накоплены багаты вопыт работы з гэтай культурай, уборка клубняў пачалася. Тут заўсёды бульба родзіць, і сёлета спадзяюцца на выдатны ўраджай. З’явіліся і пакупнікі: расіяне сталі пастаяннымі кліентамі, і сёння ўжо вялізарныя машыны чакаюць сваю чаргу стаць пад загрузку бульбы.

Хутка падаспее ўборка цукровых буракоў, кукурузы… Усё вырашчанае трэба не толькі ашчадна сабраць, але і захаваць на зіму.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *